1 траўня 2024, Серада, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка і Рагозін абмеркавалі супольныя палёты ў космас

46
Сямашка і Рагозін абмеркавалі супольныя палёты ў космас
УЛАДЗІМІР СЯМАШКА
ФОТА: DELFI

Беларуска-расейская «арбітальная групоўка» можа быць пашыраная.

Пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка правёў сустрэчу з генеральным дырэктарам дзяржаўнай карпарацыі ў касмічнай дзейнасці «Раскосмас» Дзмітрыем Рагозіным, паведамілі ў беларускай дыпмісіі. Пра гэта піша interfax.by.

«Былі абмеркаваны магчымасці пашырэння дзейнай расейска-беларускай арбітальнай групоўкі касмічных апаратаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі з космасу», - адзначылі ў пасольстве.

Паводле інфармацыі дыпмісіі, бакі таксама закранулі перспектывы рэалізацыі міждзяржаўных касмічных праграм, што рэалізуюцца на платформах Еўразійскага эканамічнага саюза і «саюзнай дзяржавы».

«Адбыўся абмен думкамі аб эскізным праектаванні расейска-беларускага касмічнага апарата, распачатым у 2018 годзе (мяркуецца стварыць касмічны апарат дыстанцыйнага зандавання Зямлі высокадэтальнай здымкі). Дасягнуты дамоўленасці аб падтрыманні актыўных кантактаў і абмене візітамі», - падсумавалі ў пасольстве.

Раней Нацыянальная акадэмія навук Беларусі паведамляла, што эскізны праект другога беларускага касмічнага апарата (БКА-2) павінен быў быць гатовы ў снежні 2018 года, яго экспэртызу плануецца закончыць у 2019 годзе. Па выніках эскізнага праектавання будуць канчаткова ўдакладненыя тэрміны стварэння апарата, аб'ёмы і кошт прац.

Новы спадарожнік пашырыць склад беларуска-расейскай групоўкі спадарожнікаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Яго палепшаныя ў параўнанні з дзейным БКА тэхнічныя характарыстыкі дазволяць павялічыць кола задач і больш актыўна ўдзельнічаць у засваенні міжнародных рынкаў касмічных паслуг.

Апаратуру спадарожніка вырабіць беларускае прадпрыемства «Пеленг», касмічную платформу - расейскі Інстытут электрамеханікі. Запуск забяспечыць расейскі бок.

Папярэдне кошт стварэння БКА-2 ацэньвалася на 180 млн даляраў. Магчымай датай вываду яго на арбіту называўся 2021 год.

Першы беларускі касмічны апарат (БКА) быў выведзены на калязямную арбіту 22 ліпеня 2012 года з касмадрома Байканур ракетай «Саюз-ФГ» разам з расейскім спадарожнікам «Канапус-В». Ён абсталяваны панхраматычнай здымачнай сістэмай, якая дазваляе атрымліваць чорна-белыя здымкі з разрозненасцю 2,1 м, і мультыспектральнай здымачнай сістэмай для атрымання здымкаў з разрозненасцю 10,5 м у чатырох спектральных дыяпазонах.

У гэтым годзе тэрмін эксплуатацыі БКА-1 падоўжаны да 2021 года.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках