24 лiпеня 2019, Серада, 6:28
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Зяленскі распавёў, колькі каштуе ягоная выбарчая кампанія

Шоўмэн заявіў, што вядзе кампанію за кошт сваіх сродкаў, а таксама грошай сваіх кампаньёнаў і сяброў.

Шоўмэн Уладзімір Зяленскі, які балатуецца ў прэзідэнты Украіны, мяркуе, што выбарчая кампанія каштавацьме яму агулам блізу $3 млн. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю "ТСН.Тиждень" на тэлеканале "1+1", які выйшаў у эфір 24 сакавіка.

"Усе палітыкі, якія вядуць кампаніі за кошт якіх-небудзь фінансавых груп, алігархаў ці бізнэсоўцаў, я мяркую, што ўсіх іх падманваюць. Усе заяўляюць, што выбарчая кампанія каштуе $100-150 млн. Наша кампанія на сённяшні дзень каштуе 70 млн грн. Гэта грошы мае, маіх кампаньёнаў, заснавальнікаў студыі "Квартал 95" і грошы маіх сяброў", - заявіў ён.

Зяленскі дадаў, што серыял "Слуга народа", у якім ён грае галоўную ролю, не мае дачынення да выбарчай кампаніі.

"Я не думаю, што гэта агітацыя. Так, "Слуга народа" - гэта наша мара. Мы паказалі, якую краіну мы бачым, пра якую марым. Ці можа быць мара агітацыяй? Ну не ведаю, не мне судзіць", - падкрэсліў ён.

Выбары прэзідэнта ва Украіне прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года. Выбарчая кампанія стартавала 31 снежня 2018 года. 8 сакавіка Цэнтрвыбаркам зацвердзіў канчатковы спіс з 39 кандыдатаў у прэзідэнты.

Паводле апытання, праведзенага ў пачатку сакавіка групай SOCIS і Інстытутам стратэгічных даследаванняў і прагнозаў "Янус", Зяленскі лідар у рэйтынгу кандыдатаў у прэзідэнты. За яго гатовыя прагаласаваць 20,5% рэспандэнтаў. Дзейны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў гэтым рэйтынгу другі з 13,3% падтрымкі.