15 снежня 2019, Нядзеля, 23:29
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Масавыя арышты ў Дзень Волі

92
Масавыя арышты ў Дзень Волі
ФОТА: TUT.BY

(Абноўлена) Сярод затрыманых - вядомыя музыкі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч і Павел Аракелян.

На Кастрычніцкай плошчы Менска затрымалі в.а. старшыні партыі АГП Мікалая Казлова і сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага. Лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі затрымалі прама на вачах журналістаў.

Апазіцыйныя палітыкі збіраліся ўскласці кветкі да дома, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.

Затым міліцыя затрымала яшчэ некалькі чалавек, якія сабраліся адсвяткаваць Дзень Волі ў цэнтры Менска.

Стала вядома, што ў Менску затрыманыя музыкі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч і Зміцер Вайцюшкевіч і Павел Аракелян, якія збіраліся даць бясплатны канцэрт у цэнтры Менска.

Некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі на канцэрт, працягнулі спяваць песні вядомых музыкаў, нягледзячы на іх затрыманне.

Натоўп выканаў песні «Тры чарапахi», «Паветраны шар», «Простыя словы», «Купалiнку».

Міліцыя папярэдзіла ўдзельнікаў імправізаванага канцэрту, што да іх можа быць прымененая сіла.

Нягледзячы на гэта, на плошчы засталіся некалькі дзясяткаў чалавек.

Удзельнікі канцэрта распавялі, што пры затрыманні міліцыя паведаміла Лявону Вольскаму, што ён з'яўляецца арганізатарам несанкцыянаванага мерапрыемства. Сам музыка быў не згодны з гэтым.

ФОТА: TUT.BY

Нагадаем, 24 сакавіка быў затрыманы актывіст Зміцер Дашкевіч. Сёння стала вядома пра затрыманне віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайды. Міліцыя трымае ў аблозе дома іншых актывістаў.

Актывістка Алена Таўстая прыкавала сябе кайданкамі да слупа на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў знак пратэсту. Яна таксама была затрыманая супрацоўнікамі МУС.