Ford сыходзіць з Расеі
7- 27.03.2019, 12:05
- 18,040
Гэта звязана з падзеннем пакупніцкай здольнасці расейцаў.
Амерыканскі аўтавытворца Ford прыняў пастанову не працягваць самастойны бізнэс у Расеі праз праблемы са збытам прадукцыі. Пра гэта ў інтэрв'ю «Коммерсанту» паведаміў віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак.
Паводле ягоных слоў, кампанія засяродзіцца на развіцці ў сегменце лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў, такіх як Ford Transit. Раней газета «Коммерсант» пісала, што вытворца адмовіцца таксама ад імпарту легкавых аўтамабіляў у краіну.
Кіраваць бізнэсам у вытворчасці камерцыйнага транспарту будзе расейскі партнёр кампаніі - група «Солерс», якая атрымае кантрольны пакет у супольным прадпрыемстве Ford Sollers.
Цяпер урад абмяркоўвае магчымасць укласці цягам двух месяцаў спецыяльны інвестыцыйны кантракт, які прадугледжвае лакалізацыю вытворчасці Ford Transit у Елабугу ў Татарстане.
У пачатку сакавіка агенцтва Reuters паведамляла са спасылкай на крыніцы, што ў Расеі могуць закрыць два асноўныя заводы Ford у Ленінградскай вобласці і Татарстане, на якіх выпускаюць легкавыя аўтамабілі.
Ford доўгія гады быў адным з лідараў расейскага рынку. Са звестак агенцтва «Аўтастат», аўтамабіль Ford Focus - самая распаўсюджаны аўтамабіль у Расеі. Аднак апошнім часам аўтамабілі гэтай маркі не трапляюць у спісы самых прадаваных. А дзель Ford на еўрапейскім рынку з 2010 года знізілася на чвэрць, паведамляе радыё BFM.
З 2017 года расейскі аўтарынак пачаў выходзіць з крызісу, пісала газета «Ведомости». У 2018 годзе ён вырас на 11,9%, а аб'ём продажаў упершыню выйшаў на дакрызісны ўзровень - ён склаў больш за 2,38 трлн. У 2013 годзе ў Расеі прадалі аўтамабіляў на 2,37 трлн. На гэтым фоне на рынак наважыў вярнуцца нямецкі Opel, пісаў раней The Bell.