13 траўня 2024, панядзелак, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнікі пратэсту ў Гомелі выклікалі чыноўнікаў на размову

1
Удзельнікі пратэсту ў Гомелі выклікалі чыноўнікаў на размову
ФОТА: BELSAT.EU

Пратэстоўцы дамагліся грамадзянскага кантролю над шкодным прадпрыемствам.

На сустрэчах, арганізаваных ініцыятыўнай групай жыхароў раёна Навабеліцы, прыйшлі гэтым разам больш за 40 чалавек. Да натоўпу людзей, якім надакучыў тлум і смурод ад фабрыкі «Гомельшпалеры», нават выйшлі прадстаўнікі чынавенства і кіраўніцтва самой фабрыкі, паведамляе «Белсат».

Супрацоўнікі адміністрацыі Навабеліцкага раёна запрасілі тых, хто сабраўся на акцыю, у залу пасяджэнняў, але актывісты адмовіліся туды прайсці, спаслаўшыся на тое, што сустрэча была арганізаваная не чыноўнікамі, а народам - адпаведна гэта чыноўнікі і кіраўнікі фабрыкі павінны самі выйсці да народа, а не наадварот.

- Такая сітуацыя склалася: тры месяцы яны нас не збіралі, а проста ігнаравалі. Праблемы ад фабрыкі мы назіраем ужо год і ўвесь гэты год кіраўніцтва фабрыкі і чыноўнікі нас ігнаравалі.

Дайшло нават да таго, што яны перасталі адказваць на звароты. Мы хадзілі ў гарадскую адміністрацыю, у абласную - і ніводнага пісьмовага адказу пасля гэтых візітаў не атрымалі. У нас у раёне стаіць невыносны гул. Мы напісалі 80 заяў у міліцыю. Людзі проста вар’яцелі ад паху і гоману - і на гэта мы таксама не атрымалі адказаў, - тлумачыць сітуацыю жыхарка Навабеліцы Алена. - Гэтыя чыноўнікі цяпер выйшлі толькі таму, што людзей шмат сабралася. Калі б нас было мала - з намі наогул ніхто не размаўляў бы і ігнараваў як і раней.

ФОТА: BELSAT.EU

Галоўны санітарны лекар вобласці Аляксандр Тарасенка распавёў, што перавышэння нарматываў выкідаў у паветры не было:

- Для таго, каб пераканацца ў існаванні праблемы непрыемнага паху, фабрыкай была запрошаная лабараторыя з Расейскай Федэрацыі, якая мае высветліць: ёсць перавышэнне або не.

ФОТА: BELSAT.EU

У адказ на гэта людзі пачалі абурацца і апавядаць, што замеры непрыемнага паху рабіліся, калі прадпрыемства працавала не на поўную магутнасць і што замеры праводзіліся нават не ў тым баку, куды дзьмуў вецер. Але што да праблемы з шумам, Аляксандр Тарасенка прызнаў, што сапраўды перавышэнне шуму на некаторых вуліцах былі зафіксаваныя ў дзённы і начны час.

Прадстаўнік фабрыкі "Гомельшпалеры" Віктар Кушняроў расказаў, што да правядзення пэўных тэхналагічных дзеянняў і вымераў адзін з сэктараў прадпрыемства быў прыпынены:

- Прадпрыемства прымае вычарпальныя захады для таго, каб выправіць тыя хібы, якія цяпер існуюць і перашкаджаюць людзям жыць. Санітарнай станцыяй была прынятая пастанова аб прыпыненні дзейнасці аднаго з сэктараў фабрыкі ў сувязі з гэтым. Таму на сённяшні дзень гэты сэктар не дзейнічае. Магу сказаць упэўнена - кіраўніцтва фабрыкі працуе над развязаннем гэтых праблем.

ФОТА: BELSAT.EU

У выніку сустрэчы была прынятая супольная пастанова аб магчымасці ажыццяўлення грамадзянскага кантролю падчас правядзення наступных замераў выкідаў з фабрыкі.

- Кіраўнікі санітарных службаў былі сёння літаральна кінутыя на амбразуру да абураных грамадзян, - расказаў сябра аргкамітэта сацыяльнага руху «Разам» Юры Глушакоў. - Фактычна яны нічога новага нам не паведамілі, як заўсёды казалі, што ўсё пад кантролем. Але пад ціскам грамадзян, у якіх ужо накіпела, яны вымушаныя былі пагадзіцца на тое, чаго мы дамагаемся ўжо даўно - на грамадзянскі кантроль за замерамі. Бо на наш погляд тыя замеры, якія праводзіліся раней, былі неаб`ектыўнымі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках