4 траўня 2024, Субота, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска зняла фільм пра рух «Маці 328»

5
Беларуска зняла фільм пра рух «Маці 328»

Як паказвае практыка, у нашай краіне не любяць «выносіць смецце» ў кінатэатры.

Беларуска Ніка Ніканава зняла дакументальны кароткаметражны фільм пра рух «Маці 328». Kyky.org распавядае, навошта наогул Ніка ўзялася за гэты няпросты праект.

Хто такая Ніка Ніканава

Дзяўчына з Менска, якая жыве з СДУГ. Ніка ўвесь час падарожнічае па свеце, здымае кіно - выкарыстоўвае сваю гіперактыўнасць па максімуму. Яна робіць усё гэта таму, што інакш яе пераследуе нуда і дэфіцыт увагі. «Яшчэ адна праява СДУГ - мне ўвесь час сумна. Таму кожны дзень я стараюся рабіць нешта новае. Я нібыта падсаджаная на навізну і мне складана ўсядзець на адным месцы. Сёння я ў Брукліне, заўтра ў Берліне, паслязаўтра - на Балі».

Нядаўна Ніка скончыла нью-ёркскую кінаакадэмію. Уласна, дакументальны кароткаметражны фільм пра Беларусь яна пачала здымаць у якасці свайго дыпломнага праекта. Ніка распавяла, што зацікавілася гэтай тэмай блізу года таму, калі ўбачыла стрым з сустрэчы дзяржавы з маці, чые дзеці знаходзяцца ў турме паводле «наркатычнага» 328-а артыкула. «Пасля гэтага стрыму я пачала больш даведвацца пра іх і пра праблему агулам. Даведалася, што траціна ўсіх зняволеных - гэта асуджаныя паводле гэтага артыкула. І што 90% з іх не павінны сядзець, як мне сказаў для фільма начальнік турмы. Потым я пазнаёмілася з жанчынай, якая арганізавала рух «Маці 328». Вясной я прыляцела з Амерыкі, каб пазнаёміцца з ёй. Яна пагадзілася ўдзельнічаць у здымках майго фільма. Потым з'явіліся і іншыя жанчыны, іх было больш за сотню, згаджаліся і іх дзеці», - распавяла нам Ніка.

Увесь праект Ніка зрабіла сама: правяла даследаванне, напісала сцэнар. Нават сама запісала гук і змантавала. Яе фільм практычна гатовы. Калі Ніка цалкам скончыць працу, паедзе са стужкай на сусветныя кінафестывалі.

Ці з'явіцца дакументальны фільм пра «Маці 328» у самой Беларусі - не зразумела. Як паказвае практыка, у нашай краіне не любяць «выносіць смецце» ў кінатэатры.

Нагадаем, рух «Маці 328» з'явіўся ў Беларусі ў красавіку мінулага года. У Калінкавічах і Пухавіцкім раёне дзесяць родных асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу абвясцілі галадоўку. Асноўных патрабаванняў у іх было тры: сустрэцца з дыктатарам, стварыць камісію, якая б занялася пераглядам спраў паводле артыкула 328 і ў выніку дамагчыся змякчэння пакарання на падставе гэтага ж артыкула. Жанчыны спынілі галадоўку 11 траўня (пачалі яе 28 красавіка).

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках