20 траўня 2024, панядзелак, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святар БАПЦ дамагаецца кампенсацыі за ноч у ізалятары

14
Святар БАПЦ дамагаецца кампенсацыі за ноч у ізалятары
АЙЦЕЦ ВІКЕНЦІЙ (ВІКТАР КАВАЛЬКОЎ)
ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Айцец Вікенцій уважае сваё затрыманне за незаконнае.

Суд Маскоўскага раёна Менска адмовіў Віктару Кавалькову (айцу Вікенцію) у кампенсацыі маральнай шкоды за ноч, праведзеную ў ізалятары, паведамляе праваабарончы цэнтр «Весна».

28 лістапада мінулага года святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція (Віктара Кавалькова) затрымалі супрацоўнікі Першамайскага РУУС Менска за тое, што ён прасіў міласціну ў жыхароў аднаго з дамоў горада. На яго склалі пратакол на падставе арт.17.1 КоАП (дробнае хуліганства) і змясцілі на ноч у ізалятар, хоць Кавалькоў і паказваў міліцыянтам пасведчанне інваліда другой групы.

На наступны дзень яго адпусцілі, а яшчэ праз некалькі дзён яго адміністрацыйную справу спынілі, бо не знайшлі ў ягоных дзеяннях правапарушэння. Хоць вядома, што з Першамайскага РУУС у суд было накіраванае хадайніцтва з просьбай прыцягнуць Кавалькова да адміністрацыйнай адказнасці менавіта ў выглядзе арышту.

Віктар Кавалькоў уважае сваё затрыманне за незаконнае і таму наважыў запатрабаваць ад ГУУС Менгарвыканкама і Міністэрства фінансаў маральную кампенсацыю за перанесеныя пакуты. На судзе 16 красавіка адказнікі не прызналі пазоўныя патрабаванні, а суддзя Маскоўскага раённага суда Алена Чарняк устала на іх бок - у пазове Кавалькову адмовіць.

Юрыст Аляксей Лойка, які дапамагаў Кавалькову абскардзіць незаконнае затрыманне, прызнаецца, што вынесены прысуд не стаў для яго нечаканасцю.

«Суд, каб вынесці пастанову паводле справы, правёў чатыры пасяджэнні. З аднаго боку, можа здацца, што суд вельмі ўважліва разглядаў гэтую справу, унікаючы ва ўсе акалічнасці. З іншага боку, вынесеная пастанова для мяне нечаканасцю не стала. Дзівіць аднадушны цынізм дзяржорганаў - ГУУС Менгарвыканкама, РУУС Першамайскага раёна і Міністэрства фінансаў, якія слова ў слова паўтаралі, што пазоў не прызнаюць: у Грамадзянскім кодэксе падставы для кампенсацыі маральнай шкоды за незаконнае адміністрацыйнае затрыманне не прадугледжана.

І ўсё гэта адбываецца пасля таго, як прадстаўнікі дзяржавы з высокіх трыбун Камітэта ААН правоў чалавека заяўляюць аб прагрэсе ў сферы правоў чалавека, выстаўляючы перад міжнароднай супольнасцю ратыфікацыю Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю як паказчык прагрэсу ў нашай краіне».

Аляксей Лойка мяркуе, што ў справе айца Вікенція ставіць кропку яшчэ рана. Абскарджанне пастановы будзе прадаўжацца, аб сітуацыі будуць праінфармаваныя міжнародныя структуры. Таксама юрыст не выключае таго, што ў будучыні рушыць услед зварот да прадстаўнікоў заканадаўчай улады, каб выключыць усякую магчымасць адміністрацыйнага затрымання людзей з інваліднасцю на тэрмін, большы за тры гадзіны.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках