20 траўня 2024, панядзелак, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандрусевіч: Улады не хочуць спрашчаць умовы дзейнасці замежных святароў у Беларусі

6
Кандрусевіч: Улады не хочуць спрашчаць умовы дзейнасці замежных святароў у Беларусі
ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Умовы знаходжання святароў-замежнікаў у Беларусі больш жорсткія ў параўнанні са створанымі для звычайных замежных грамадзян.

Прадстаўнікі беларускіх уладаў не хочуць спрашчаць умовы дзейнасці замежных святароў у краіне, нягледзячы на шматлікія просьбы касцёла, заявіў на прэс-канферэнцыі 16 красавіка ў Менску старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе tut.by са спасылкай на БелаПАН .

Ён адзначыў, што сёння ў Беларусі блізу 500 каталіцкіх святароў, з якіх амаль 80 - грамадзяне іншых краін. Згодна з існым заканадаўствам, на кожнага замежнага святара трэба мець дазвол упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці. Акрамя таго, як заявіў каталіцкі іерарх, умовы знаходжання святароў-замежнікаў у Беларусі больш жорсткія ў параўнанні са створанымі для звычайных замежных грамадзян.

«У дачыненні да замежных святароў існуе прынятая Саветам міністраў норма, што калі святар два разы здзейсніць нейкае грамадскае парушэнне, напрыклад, перавысіць хуткасць руху аўтамабіля, яго могуць выслаць з Беларусі. У той жа час для замежнікаў з 2010 года закон абвяшчае [аб надыходзячых адпаведных наступствах] пасля пяці разоў», - сказаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што ў траўні 2017 года ён выступаў з дакладам у Акадэміі кіравання пры кіраўніку Беларусі. Падчас свайго выступу ён заявіў пра неабходнасць актуалізацыі закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», бо той ужо «не адпавядае сітуацыі і часу».

«Аднак пасля гэтага нічога не адбылося. Я шмат разоў пасля таго сустракаўся [з чыноўнікамі] адміністрацыі Лукашэнкі, але нічога не зрушылася з месца. <...> Мы падымаем гэтае пытанне вельмі часта, пішам у адміністрацыю кіраўніка, звяртаемся да ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў, аднак воз і цяпер там», - канстатаваў каталіцкі іерарх.

Дэлегацыя каталіцкіх біскупаў Беларусі ўзняла праблему наяўнасці дазволу на служэнне для замежных святароў 1 лютага 2018 года на аўдыенцыі ў папы рымскага Францішка. Пасля сустрэчы з пантыфікам мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў у інтэрв'ю «Ватыканскаму радыё», што папа Францішак быў здзіўлены некаторымі праблемамі, з якімі сутыкаецца касцёл у Беларусі.

«Папа быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што 45 біскупаў, у тым ліку дзевяць кардыналаў, якія бралі ўдзел у пленарным пасяджэнні Рады канферэнцый біскупаў Еўропы [у кастрычніку 2017 года ў Менску], таксама павінны былі атрымаць дазвол на служэнне святой імшы. Гэта ж імідж краіны! Яму было цяжка гэта зразумець», - сказаў Кандрусевіч.

У ліпені 2018 года Леанiд Гуляка ў адказах на пытанні грамадзян падчас жывой тэлефоннай лініі заявіў, што не ўважае за патрэбнае мяняць парадак выдачы святарам-замежнікам дазволаў на служэнне на тэрыторыі краіны.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках