11 траўня 2024, Субота, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што напраўду адбываецца ў Берасці?

5
Што напраўду адбываецца ў Берасці?

Салідарнасцю берасцейцаў захапляецца ўся Беларусь.

«Вясна» наведала горад Берасце, здаецца, у самы гарачы час. Раніцай панядзелка, 15 красавіка спіс затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту складаўся з 14 чалавек. Суд над імі праходзіў непасрэдна ў мясцовым РАУС. У выніку, адседзеўшы выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання, амаль усім выпісалі судовыя позвы паводле арт.23.34 КоАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) на іншыя даты. Відавочна, што такім чынам адбываецца ціск на мясцовых актывістаў, якія пратэстуюць супраць будоўлі акумулятарнага завода пад Берасцем.

Мясцовы праваабаронца Уладзімір Вялічкін таксама трапіў пад рэпрэсіі ўлады: ён таксама правёў усе выходныя з пятніцы ў ізалятары часовага ўтрымання. У панядзелак пасля вызвалення ён жартаваў з групай падтрымкі, якая сустракала вызвалення актывістаў пад сценамі РАУС, што ў нядзелю, нягледзячы на затрыманне, у іх усё адно была магчымасць пакарміць галубоў: «Мы ўзялі хлеб на шпацыр, і паклалі яго на дах у турэмным двары, і галубы прыляцелі...»

Журналісты распыталі мясцовага праваабаронцу, што ён думае аб сітуацыі ў горадзе: пра масавыя затрыманні актывістаў, пра суд над блогерам Сяргеем Пятрухіным і аб салідарнасці берасцейцаў, якой захапляецца ўся Беларусь.

ПРАВААБАРОНЦА ЎЛАДЗІМІР ВЯЛІЧКІН ПАСЛЯ ВЫЗВАЛЕННЯ З ІЗАЛЯТАРА. ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Пра сітуацыю, якая склалася вакол будаўніцтва завода АКБ пад Берасцем

— Сёння можна сказаць, што ўлады Берасця развязалі вайну супраць уласнага народа. Гэта вайна за навакольнае асяроддзе — перакананы Уладзімір Вялічкін.

Выканаўчыя ўлады пазбягаюць сустрэч з грамадствам. Аргументы, якія прыводзяць прадстаўнікі ўлады ў апраўданне будаўніцтва гэтага завода, разбіваюцца аб аргументы берасцейцаў, якія маюць веды ў гэтай галіне. Бо сярод нашых актывістаў ёсць і тыя, хто мае экалагічную адукацыю і больш грунтоўна разбіраецца ў пытаннях вырабу акумулятараў, у галіне шкоды свінцу і кіслоты.

Адразу гэтая вайна была ў інфармацыйным рэчышчы. Але тут улады цалкам саступілі. Тады яны перайшлі да іншай фазы супрацьстаяння - запалохвання актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Але і гэта не спрацавала. Потым пачалася сілавая фаза - «хапун» людзей на акцыях, штрафы для актывістаў і іх арышты.

Баюся, каб улада не перайшла ў наступную фазу, больш радыкальную. Галоўнае, каб яны не ўжылі захады, якія маглі б пашкодзіць здароўю і жыццю мясцовых грамадзян.

ПРАВААБАРОНЦА ЎЛАДЗІМІР ВЯЛІЧКІН ПАСЛЯ ВЫЗВАЛЕННЯ З ІЗАЛЯТАРА. ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Пры гэтым усім, як паказваюць апошнія падзеі, людзі трымаюцца разам і маюць рашучы намер ісці да канца ў сваім спаборніцтве.

Быць праваабаронцам у Берасці

- У сучасных умовах быць праваабаронцам вельмі няпроста. Ва ўладаў няма разумення, што ў грамадстве ёсць праваабаронцы, якія змагаюцца за захаванне правоў чалавека. Яны толькі ведаюць, што ў грамадстве ёсць пэўная група незадаволеных людзей, якія не толькі праяўляюць цікавасць да грамадскага жыцця, але і спрабуюць нешта змяніць у ім. Таму ціснуць на ўсіх актыўных людзей, не разбіраючыся, ці ты праваабаронца, ці актывіст, або просты чалавек, які рэальна баіцца за жыццё сваёй сям'і.

Слова «жыць» для берасцейскіх уладаў - гэта лагатып пратэстнага руху супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Але фактычна хто з'яўляецца ўдзельнікам гэтага пратэстнага руху? Гэта людзі, якія проста хочуць жыць у здаровым навакольным асяроддзі, і быць упэўненымі, што іх дзеці не захварэюць ад шкодных выкідаў гэтага прадпрыемства.

ПРАВААБАРОНЦА ЎЛАДЗІМІР ВЯЛІЧКІН ПАД СЦЕНАМІ ЛЕНІНСКАГА РУУС Г. БЕРАСЦЯ. ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Калі казаць пра мяне, як праваабаронцу, то я хачу, акрамя ўсяго, каб нашы людзі жылі ў прававой дзяржаве. Хачу, каб міліцыя займалася сваімі наўпроставымі абавязкамі - ахоўвала грамадскі парадак, а не хапала людзей на мірных сходах, не заломвала ім рукі і не цягала ў пастарункі. Хачу, каб суды выносілі справядлівыя пастановы, і былі незалежнымі ў прыняцці гэтых пастаноў. Мы бачылі, як суддзя ў РАУС, калі судзіў актывістаў, якія адседзелі свае выходныя ў ізалятары, даставаў з-пад матэрыялаў справы паперку з ужо падрыхтаванай пастановай суда. Так не павінна быць. Хочацца, каб і пракуратура сачыла за законнасцю. Гэта прапісанае ў Законе Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Мы проста хочам, каб выконвалася Канстытуцыя ў краіне, і, дарэчы, у Берасці.

Пра апошнія затрыманні актывістаў

- Такая практыка насцярожвае. Раней такога не было, каб людзі ў цывільным кідаліся ў натоўп, правакавалі бойку, спрабавалі кагосьці скрасці, а міліцыянты ў форме пры гэтым бяздзейнічалі.

Законапаслухмяных грамадзян, якія ў пятніцу законапаслухмяна прыйшлі ў Ленінскі РАУС паводле позвы ў якасці сведкі, там і пакінулі на ўсе выходныя. Мела месца адвольнае беспадстаўнае затрыманне. У гэтым выпадку не было падставаў арыштоўваць людзей. Яны нічога супрацьпраўнага не зрабілі. Мэта гэтага адна - каб людзі не выйшлі ў нядзелю на плошчу і не выказаліся. Усё ўпіраецца ў парушэнне фундаментальных правоў чалавека: свабоды слова, свабоды выказвання меркавання, свабоды мірных сходаў і права на здаровае навакольнае асяроддзе.

УЛАДЗІМІР ВЯЛІЧКІН КАЛЯ СУДА ЛЕНІНСКАГА РАЁНА Г. БЕРАСЦЯ, ДЗЕ ЧАСТА АЖЫЦЦЯЎЛЯЕ МАНІТОРЫНГ СУДОВЫХ ПРАЦЭСАЎ НАД БЕРАСЦЕЙСКІМІ АКТЫВІСТАМІ. ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Мы абавязкова будзем абскарджваць гэтыя затрыманні. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Але сітуацыя набыла такі «незаконны» характар не таму, што ўлады блізу сотні разоў адмаўлялі ў правядзенні мерапрыемства. Паводле новага апавяшчальнага парадку не трэба пытацца дазволу ні ў кога, але чамусьці ў матэрыялах справы паказваецца «без дазволу выканкама». Права на свабоду мірных сходаў гарантаванае міжнародным правам і Канстытуцыяй. Улады падмяняюць паняцці і маніпулююць гэтымі рэчамі, каб стаць над народам і кантраляваць усе працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Вядома, у Канстытуцыі напісана, што крыніца ўлады - народ. Але, як бачым, гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Пра суд над блогерам Пятрухіным

- Гэты суд расцэньваем як наступ на свабоду слова. Ёсць нават адпаведная заява праваабарончых арганізацый Беларусі. Блогеру Пятрухіну, кажучы простай мовай, хочуць закрыць рот. Бо сапраўды да яго звяртаецца шмат людзей па дапамогу. Гэта адбываецца з той прычыне, што людзі ўжо выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі абароны сваіх правоў, або правоў блізкіх і родных людзей. Гэтыя людзі звяртаюцца ў дзяржаўныя органы, але тыя ім не дапамагаюць. І таму ім нічога не застаецца, як шукаць дапамогі ў незалежных блогераў, медыяў.

Аб гэтай сітуацыі, як і аб іншых, якія адбываюцца ў горадзе, можна сказаць, што суды, пракуратура падпарадкаваныя Міністэрству ўнутраных спраў і пераследуюць адну мэту.

Аб салідарнасці берасцейцаў

- Тут усё проста. Такая вялікая салідарнасць жыхароў Берасця звязаная з тым, што ўжо практычна кожны сутыкнуўся з самаўпраўнасцю з боку міліцыі і ўвогуле ўлады. Актывісты, якія цяпер пратэстуюць супраць будаўніцтва завода, прыйшлі да гэтага не праз палітыку, а праз звычайнае жыццё. Гэтыя людзі баяцца за сваё жыццё на гэтай тэрыторыі і лёс сваіх дзяцей. Яны хочуць жыць у чыстым навакольным асяроддзі і не хвалявацца, што хтосьці захварэе ці нават памрэ...

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках