Што не так з візітам Лукашэнкі ў Турцыю
63- 18.04.2019, 7:58
- 116,092
Замах быў вялікім, але...
Палітолаг Валерый Карбалевіч у калонцы на «Радыё Свабода» назваў візіт Лукашэнкі ў Турцыю «у пэўным сэнсе дзіўным».
- Візіт быў не працоўным, а афіцыйным. Што прадугледжвае цэлы шэраг сустрэч і мерапрыемстваў. Пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных напярэдадні візіту Лукашэнкі назваў яго «сістэмаўтваральным», адзначыўшы, што ён будзе «вызначаць двухбаковыя стасункі на многія гады наперад».
Напярэдадні візіту ў інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву «Анадолу» Лукашэнка заявіў, што хоча, каб праз 3-5 гадоў з Турцыяй былі «такія ж цёплыя і сяброўскія стасункі, як, напрыклад, у нас сёння з Расейскай Федэрацыяй».
Замах быў вялікі. Аднак візіт стаўся кароткім.
16 красавіка Лукашэнка прыляцеў у Анкару аб 11:46, а вылецеў назад а 20:04. Такі спех неяк не дацягвае да апавяданняў пра «сістэмаўтварэнне» і «абсалютны прыярытэт».
Можна нават выказаць гіпотэзу, што нешта пайшло не так.
Лукашэнка не наведаў беларуска-турэцкі бізнэс-форум, які ў гэты дзень там праходзіў.
І наогул, калі правадыр прылятае толькі на некалькі гадзін, то навошта засяляцца ў гатэль?
Усё гэта наводзіць на думку, што праграма візіту з нейкіх прычынах на хаду была скарочаная. Падпісаныя дакументы былі відавочна не «прэзідэнцкага» ўзроўню.