11 траўня 2024, Субота, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людзі вуліц: Праблема бяздомнасці ў Беларусі ігнаруецца

4
Людзі вуліц: Праблема бяздомнасці ў Беларусі ігнаруецца

У Беларусі пакуль няма спецыяльных дзяржаўных праграм і планаў для прыняцця захадаў для прадухілення і зніжэння ўзроўню бяздомнасці.

Як адзначыў падчас дыскусіі, прысвечанай тэме валацуг у Беларусі, старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта (БХК) Алег Гулак, на гэтую тэму не прынята дыскутаваць у Беларусі, пра гэту праблему не кажуць і яе нават не бачаць, піша «Ежедневник».

Ён звярнуў увагу, што праблема пачынаецца ўжо на ўзроўні вызначэння, хто ж такія валацугі.

Таксама, паводле ягоных слоў, сёння ў Беларусі няма дакладнай статыстыкі пра валацуг. Звесткі розных устаноў пра колькасць бяздомных моцна адрозніваюцца. Так, са звестак перапісу насельніцтва 2009 года, толькі 587 чалавек з'яўляліся валацугамі. У 2013 годзе ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны паведамілі пра улік чатырох тысяч валацуг. Яшчэ адной крыніцай звестак з'яўляецца колькасць зваротаў валацуг па дапамогу ў рамках перыядычных сацыяльных акцый. Так, паведамлялася аб наданні дапамогі 823 валацугам у Менску ў перыяд са снежня 2014 да сакавіка 2015 года. Пра такую колькасць людзей, якія атрымалі дапамогу, паведамлялася зімой 2018 года.

«Зыходзячы з гэтай інфармацыі мы мяркуем, што валацуг у Беларусі некалькі тысяч», - заўважыў Алег Гулак.

Як паказана ў дакладзе «Валацугі і права на жыллё ў Беларусі», неадэкватнае вызначэнне бяздомнасці для статыстычных мэтаў з'яўляецца прычынай, што перашкаджае збору звестак, якія рэальна адлюстроўваюць маштаб праблемы.

Адсутнасць дзяржаўнай палітыкі

Алег Гулак назваў яшчэ адну праблему, якая тычыцца бяздомных у Беларусі, - адсутнасць палітыкі дзяржавы ў гэтым пытанні.

Пакуль, на ягоную думку, дзяржаўная палітыка ў пытанні бяздомнасці зводзіцца да аднаго - працы цэнтраў часовага знаходжання, якія, дарэчы, ёсць не ва ўсіх гарадах краіны.

«Іх задача ў тым, каб даць начлег і даваць магчымасць валацугу атрымаць дакументы. На жаль, доступ да начлегу ў іх абумоўлены рознага кшталту абмежаваннямі. Ёсць абмежаванне на максімальны тэрмін знаходжання. Так, валацугі павінны пакінуць цэнтр раніцай і маюць права вярнуцца туды толькі ўвечары», - адзначыў Гулак.

Акрамя гэтага, у дзяржаўных цэнтрах часовага знаходжання забаронены алкаголь.

«Быццам бы тут ёсць логіка, і гэта разумна, але з іншага боку чалавек, які пакутуе ад алкагольнай залежнасці, апынаецца на вуліцы без даху над галавой, - сказаў старшыня БХК. - Пры гэтым менавіта алкагольная залежнасць, паводле ацэнак профільных чыноўнікаў, з'яўляецца асноўнай прычынай бяздомнасці».

Як мяркуе Алег Гулак, у кожнага чалавека павінна быць магчымасць мець мінімальны дах над галавой.

Валацуг пазбягаюць і цураюцца

Таксама, са слоў старшыні БХК, валацугі - адная з самых стыгматызаваных груп у беларускім грамадстве.

Часта ў дачыненні да такіх людзей сфармаванае няправільнае стаўленне, асабліва з боку міліцыі.

«Мяркуецца, што гэтыя людзі зрабілі самі свой выбар, яны хочуць жыць на вуліцы, яны алкаголікі, - адзначыў Алег Гулак. - Хоць гэта і праўда, што сярод бяздомных шмат п'юць, яны тым не менш, падчас нашых з імі інтэрв'ю ні разу не сказалі, што яны выбралі гэты шлях свядома, што бездамоўе - гэта іх стыль жыцця. Гэта заўсёды збег абставін, з якімі чалавек у сілу сваіх індывідуальных якасцяў і непадрыхтаванасці не змог справіцца».

У дакладзе звяртаецца ўвага на такую праблему, як пазбаўленне валацуг доступу да грамадскіх месцаў і гвалтоўнае высяленне іх з горада. Гэта значыць валацуг папросту вывозяць за межы горада, дзе і пакідаюць.

Практыка «ачысткі» вуліц ад валацуг асабліва прыняла сістэматычны характар, адзначыў Алег Гулак, напярэдадні Чэмпіянату свету ў хакеі ў 2014 годзе. Прынятыя меры ўключалі ў сябе затрыманні і наступныя арышты бяздомных.

«Таму вельмі важна не дапусціць паўтарэння такіх затрыманняў і вывазу бяздомных за межы горада ў сувязі з правядзеннем у Менску Еўрапейскіх гульняў 2019», - падкрэсліў Гулак.

Як развязаць праблему?

На сённяшні дзень, прызнае старшыня БХК, трэба прыняць дзяржаўную праграму для прадухілення і змякчэння наступстваў бяздомнасці.

«Важна не толькі развязваць праблемы людзей, якія цяпер знаходзяцца ў гэтай сітуацыі, трэба не прадукаваць гэта далей», - адзначыў Алег Гулак.

«Не бачачы прычын, чаму людзі трапляюць у гэтую сітуацыю, не займаючыся гэтай праблемай, мы не ствараем магчымых механізмаў, як гэтую праблему мінімізаваць. Зразумела, што праблему бяздомнасці развязаць цалкам не атрымаецца. Я не ведаю ніводнай краіны, дзе б яе атрымалася развязаць цалкам, але логіка і падыход да праблемы павінны быць іншыя, чым цяпер», - рэзюмаваў ён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках