4 траўня 2024, Субота, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі б не пільная ўвага актывістаў да акумулятарнага заводу, то ён даўно б ужо працаваў»

1
«Калі б не пільная ўвага актывістаў да акумулятарнага заводу, то ён даўно б ужо працаваў»

Прыёмка завода ў красавіку не адбылася, новы тэрмін - травень.

На днях у сацсетках з'явіліся кароткія відэа, знятыя ў цёмны час дня каля акумулятарнага завода «АйПаўэр», і на некаторых з іх чутны гул, піша «Брестская газета».

Актывісты заявілі, што прадпрыемства, якое яшчэ не прынятае ў эксплуатацыю, працуе па начах.

Журналісты звярнуліся ў адміністрацыю СЭЗ «Брэст», на тэрыторыі якой знаходзіцца завод АКБ, і папрасілі пракаментаваць сітуацыю.

«Завод працуе ў рэжыме пуска-наладкі. Гул стаяў, бо выпрабоўвалі сістэмы вентыляцыі, аспірацыі», - адказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандр Шукайла.

З ягоных слоў, на 9 траўня акт прыёмкі завода яшчэ не падпісаны. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў траўні. Нагадаем, раней Берасцейскі райвыканкам паведамляў, што прыёмачная камісія пачне працу 11 красавіка і скончыць 21-га.

Журналісты пацікавіліся, у сувязі з чым былі ссунутыя тэрміны, меліся ці ёсць у камісіі па прыёмцы нейкія заўвагі. На што Шукайла адказаў, што пытанні ёсць на кожным прадпрыемстве. А з улікам пільнай увагі да гэтага заводу, у тым ліку і з боку жыхароў Берасця і раёна, прыёмка адбудзецца, калі ні ў кога з чальцоў камісіі не будзе сумненняў у тым, што ўсе пытанні знятыя.

Ён таксама дадаў, што, калі б не такая пільная ўвага з боку мясцовых жыхароў да гэтага заводу, прадпрыемства ўжо даўно б працавала.

Мы таксама папрасілі намесніка кіраўніка адміністрацыі пракаментаваць інфармацыю, якая з'явілася 9 траўня ў сацсетках і ў якой гаворыцца, што акт уводу акумулятарнага завода не падпісалі нібыта таму, што ўстанавілі перавышэнне заяўленых у праекце звестак аб выкідах свінцу ў 10 разоў.

«У мяне такой інфармацыі няма», - адказаў Шукайла.

Журналісты таксама адправілі афіцыйны запыт на ТАА «АйПаўэр».

Будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. З таго часу ў Берасці і раёне не сціхае пратэстная кампанія - многія жыхары заяўляюць, што прадпрыемства будуецца з парушэннямі і будзе шкодным для экалогіі ды здароўя людзей. З 4 сакавіка мінулага года на плошчы Леніна ў Берасці праціўнікі будаўніцтва завода кормяць галубоў і тым самым выказваюць свой пратэст.

Улады запэўніваюць, што завод бяспечны, і кажуць, што ў выпадку парушэнняў прадпрыемства будзе закрытае.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках