5 траўня 2024, Нядзеля, 5:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі амаль палова ІП збіраецца закрыць свой бізнэс

32
У Беларусі амаль палова ІП збіраецца закрыць свой бізнэс
Фота: bymedia

Многія гатовыя з'ехаць з краіны.

Амаль палова індывідуальных прадпрымальнікаў - 46% - плануе закрыць свой бізнэс цягам бліжэйшага часу, піша tut.by. Прычым 20% - цягам года. Больш за ўсё ахвотных «сысці» ў Менску і Менскай вобласці - 51%. Такія звесткі былі атрыманы падчас даследавання «Найлепшы рэгіён Беларусі для вядзення бізнэсу індывідуальнымі прадпрымальнікамі», яго праводзіла грамадскае аб'яднанне «Перспектыва» ў 2018 годзе.

У апытанні ўзяла ўдзел рэкордная колькасць прадпрымальнікаў - 924.

Даследаванне паказала, што «прадпрымальніцкі сектар старэе», а моладзь неактыўна ідзе ў ІП. Так, 58% прадстаўнікоў малога бізнэсу больш за 45 гадоў.

Анатоль Шумчанка, старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва» адзначае, што ў ІП жаночы твар.

- Ва ўсім свеце гэта сацыяльна ўразлівы пласт насельніцтва, якому складаней знайсці працу ў выпадку яе страты, - кажа старшыня «Перспектывы». Дарэчы, як і ва ўсе мінулыя гады, узровень стварэння ІП істотна вышэйшы, чым у сярэднім па краіне. Гэта пацвярджае вялікі нерэалізаваны патэнцыял гэтага сацыяльнага слоя.

Пачалі мяняцца крыніцы фінансавання бізнэсу. Беларусы па-ранейшаму адкрываюць справу на ўласныя грошы, сваякоў і знаёмых - так адказалі 88% апытаных. Але адзначаецца рост закрэдытаванасці прадпрымальнікаў амаль удвая. Гэта можа казаць аб тым, што грошы ў саміх ІП, іх сваякоў і знаёмых заканчваюцца і таму прадпрымальнікі вымушаныя ісці ў банк.

- Ці можна зрабіць іншую выснову, - кажа Анатоль Шумчанка. - Магчыма, банкаўская сістэма стала больш гнуткая і больш даступнымі для малога бізнэсу. Субсідыямі ўрада карыстаецца толькі вельмі нязначная частка ІП - 3%, у той час як дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў буйныя прадпрыемствы, але гэта часцяком малаэфектыўна, мяркуючы з узроўню эканомікі сёння.

Са звестак даследавання, геаграфія месцаў, адкуль прадпрымальнікі вязуць тавар у Беларусь, не змяняецца: гэта краіны СНД, у асноўным Расея, на якую прыпадае 58% тавару.

- Але можна адзначыць невялікі рост набыцця ІП айчыннай прадукцыі, - адзначыў Шумчанка. - Цяпер гэта 24%.

Прадпрымальнікі кажуць, што ў сваёй працы яны сутыкаюцца з вялікай колькасцю праблем. У 2018 году амаль палова ІП - 43% - «нічога не зарабляла», а зніжэнне даходаў канстатавала яшчэ 45% ІП.

- Даследаванне паказала, што 46% ІП плануюць закрыць свой бізнэс цягам найбліжэйшага часу, прычым 20% - у гэтым годзе, - агучвае сумную статыстыку Анатоль Шумчанка. - Да прыкладу, у Менску і Менскай вобласці 51% плануюць закрыць свой бізнэс - гэта самыя негатыўныя высокія паказчыкі. 40% ІП плануюць і зусім пакінуць краіну ў пошуках працы і працягу бізнэсу. 92% ІП мяркуюць, што ІП раздробнага гандлю знішчаецца як клас.

За самы спрыяльны рэгіён для вядзення бізнэсу прадпрымальнікі ўважаюць Гарадзенскую вобласць. На другім месцы - Менская, на трэцім - Гомельская. Чацвёртае месца падзялілі Берасцейская і Віцебская вобласці. На пятым - Магілёўская. Самым неспрыяльным месцам для прадпрымальніцтва стаў Менск.

Нагадаем, раней індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадаюць тавары лёгкай прамысловасці, напісалі зварот у адміністрацыю Лукашэнкі, у якім прасілі «спыніць масавыя праверкі Дзяржстандарту». Пазней ва ўстанове растлумачылі, чаму прыходзяць да ІП з праверкамі і маніторынгам.

У пачатку гэтага года індывідуальныя прадпрымальнікі сабралі амаль 7 тысяч подпісаў пад зваротам да дыктатара і перадалі іх кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Качанавай. Прадпрымальнікі прасілі сустрэчы з Лукашэнкам, каб абмеркаваць з ім праблемы малога бізнэсу.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках