24 чэрвеня 2019, панядзелак, 15:38
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Адвакат пра стан Сянцова: Яму пашанцавала выйсці з галадоўкі

1
АЛЕГ СЯНЦОЎ
ФОТА: КОММЕРСАНТ

Арганізм украінскага рэжысёра аднавіўся.

Адвакат зняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, Дзмітрый Дынзэ, апавёў пра стан здароўя свайго падабароннага.

"Што тычыцца фізічнага стану, то ўжо ў цяперашні час не даводзіцца турбавацца. Цяпер ён паправіўся да 90 кілаграмаў і адчувае сябе выдатна. Адзінае, у яго ёсць хранічныя захворванні, якія перыядычна пра сябе нагадваюць. Рэабілітацыя прайшла паспяхова. Але вы майце на ўвазе, што гэта індывідуальная асаблівасць арганізма. У Алега арганізм змог аднавіцца, у іншых – ён можа гэтага не зрабіць. Таму яму пашанцавала", – апавёў Дынзэ ў каментары Крым.Реалии.

Паводле ягоных словаў, цяпер псіхалагічны стан у Сянцова "выдатны ў выніку таго, што ён увесь час займаецца нечым творчым".

Нагадаем, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў адбывае пакаранне ў горадзе Лабытнангі, на поўначы Расеі. Аляксандр Кольчанка знаходзіцца ў калоніі горада Капейск, на Урале.

Пасля 145 дзён галадоўкі з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах, Сянцоў "пісьмова пагадзіўся на прыём ежы". Ён назваў гэта "вымушаным захадам праз пагрозу гвалтоўнага кармлення". Amnesty International заявіла, што прымусовае кармленне з'яўляецца катаваннем. 25 кастрычніка 2018 года Сянцову прысудзілі прэмію Еўрапарламента "За свабоду думкі" імя Сахарава.