18 верасня 2019, Серада, 8:50
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Павел Севярынец: Ён прыступка за прыступкай ідзе ў пекла

22
Павел Севярынец: Ён прыступка за прыступкай ідзе ў пекла
Павел Севярынец

Палітык пракаментаваў апошнія распараджэнні дыктатара.

14 траўня Лукашэнка даручыў пабудаваць да 2021 года Нацыянальны выставачны цэнтр на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра «Экспабел», якая мяжуе з Курапатамі. Сёння лясгас пачаў пілаваць і вывозіць дрэвы ва ўрочышчы.

Сітуацыю вакол народнага мемарыяла сайту Charter97.org пракаментаваў адзін з лідараў беларускай апазіцыі, сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец:

- Лукашэнка ўпэўнена, прыступка за прыступкай, ідзе ў пекла.

Тое, што ён робіць з Курапатамі, выходзіць за ўсякія рамкі. Гэта ваяўнічая бязбожнасць, бо Нацыянальны выставачны цэнтр - гэта шум, гам, тыя ж самыя салюты, што цяпер праходзяць толькі з аднаго, заходняга боку народнага мемарыяла (з тэрыторыі рэстарацыі «Поедем поедим» - рэд.).

Хутчэй за ўсё, пойдзе пад знішчэнне «дарога смерці», па якой людзей вазілі на расстрэлы ва ўрочышча. Ля гэтай дарогі насамрэч трэба ствараць музей. Трэба ставіць, на прапанову Зянона Пазьняка, вялікі мур з імёнамі тых, хто быў расстраляны і чые імёны ўдалося ўстанавіць. Замест гэтага на загад Лукашэнкі там будуецца Нацыянальны выставачны цэнтр.

Курапаты ператвараюцца ў задворкі велізарнай шумнай махіны. Гэта свядомая праца для знішчэння нацыянальнага мемарыялу. Гісторыя ацэніць гэта адназначна адмоўна. Што тычыцца самога Лукашэнкі, то гэта ўжо - проста бясчынства.

- Сёння работнікі лясгаса пачалі пілаваць і вывозіць з Курапатаў старыя дрэвы. Актывіст Яўген Батура адзначыў, што ёсць інфармацыя, што ўслед за гэтым могуць пачаць спілоўваць і старыя крыжы. Як вы гэта пракаментуеце?

- Тое ж самае: гэта яшчэ адна прыступка па дарозе ў пекла, якой ідзе гэты рэжым.

Руйнуюць крыжы сатаністы - гэта мы ўжо даўно ведаем. «Крыжалом», які пачаўся ў Курапатах, хутчэй за ўсё будзе прадаўжацца.

Мы, вядома, будзем уставаць на абарону мемарыяла. Але цяпер ідзе гаворка пра захаванне нацыянальнай памяці, пра найважнейшыя вехі нашай гісторыі. Я думаю, што ўсе беларусы павінны цяпер прыязджаць у Курапаты - на вахту і на малітву. Вахта будзе прадаўжацца датуль, пакуль працуе рэстарацыя ва ўрочышчы. Малітва - а 19.00 кожны дзень. Заклікаю ўсіх беларусаў далучацца.