4 траўня 2024, Субота, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Калачоў стаў легендай «Растова»

1
Як Калачоў стаў легендай «Растова»

Беларускі футбаліст правёў на Доне апошнія дзевяць сезонаў.

У чацвер афіцыйны сайт «Растова» паведаміў, што нядзельны матч з «Зэнітам» стане апошнім у складзе данчукоў. У складзе «жоўта-сініх» Цімафей правёў апошнія дзевяць сезонаў, здабываў Кубак Расеі і гуляў у Лізе чэмпіёнаў. Заўзятары называюць яго легендай і просяць 19 траўня запоўніць «Растоў Арэну», каб падтрымаць беларуса, піша «Трыбуна».

*

● Упершыню Цімафей Калачоў апынуўся ў Растове-на-Доне ў 2006 годзе, перайшоўшы з «Хімак». Праўда, у «Растове» ён затрымаўся толькі на сезон і з'ехаў у «Крылы Саветаў». Але на пачатку 2010-га ён здзейсніў камбэк і больш нікуды не з'язджаў.

● За гэты час Калачоў правёў за клуб 292 матчы. Гэта чацвёрты паказчык у гісторыі клуба. Наперадзе толькі Сяргей Балахнін (442), Генадзь Паравін (318) і Аляксандр Гацкан (311).

● Разам з «Растовам» Калачоў у 2014-м стаў уладальнікам Кубка Расеі, а праз два гады ўзяў з камандай сярэбраныя медалі чэмпіянату.

● 38-гадовы Калачоў уваходзіць у тройку самых дасведчаных футбалістаў Прэм'ер-лігі. Старэйшыя за магілёўца ў вышцы Расеі толькі два гульцы - брамнік «Крылаў Саветаў» Сяргей Рыжыкаў і абаронца «Арэнбурга» Дзмітрый Андрэеў. Абодвум у верасні споўніцца 39.

● У чэмпіянаце Расеі Цімафей забіў за «Растоў» 24 галы. Больш за яго за «жоўта-сініх» у чэмпіянатах Расеі забівалі толькі чатыры футбалісты: Аляксандр Маслаў (58), Дзмітрый Кірычэнка (48), Міхаіл Восінаў (35) і Раман Адамаў (30).

За «Растоў», як мы пісалі вышэй, Цімафей забіў больш за 20 мячоў. Некаторыя галы атрымаліся вельмі эфектнымі. Напрыклад, дакладны ўдар у браму «Церака» ў 2011 годзе рэдакцыя праграмы «Футбол Расеі» прызнала найлепшым голам жніўня.

У еўракубках Калачоў таксама раздаваў. Да прыкладу, у матчы з «Аякс». У 2016-м «Растоў» падолеў галандцаў ў вызначальным раўндзе кваліфікацыі (1:1, 4:1) і выйшаў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў.

Сварыўся і мірыўся з Маўрынью

У 2017-м у 1/8 фіналу Лігі Еўропы «Растову» выпала гуляць з «Манчэстар Юнайтэд». Расейцы па выніку МЮ саступілі (1:1, 0:1), а адным з самых запамінальных момантаў супрацьстаяння стала сварка Жазэ Маўрынью і Цімафея Калачова. Як высветлілася, Калачову не спадабалася жорсткая гульня Дэйлі Блінда. У адказ на гэта партугалец параіў беларусу сачыць за словамі.

Аднак пасля матчу Калачоў і Маўрынью памірыліся, абняліся, як старыя сябры, а трэнер заявіў, што рады, што Калачоў праз перабор картак не згуляе на «Олд Трафард».

Мала гуляе за Карпіным, атрымаў траўму і надумаў сысці з «Растова»

У снежні 2017 года данчукоў узначаліў Валерый Карпін. Пры ім у гэтым сезоне Калачоў гуляў менш. Чаму? Адсутнасць на поле дасведчанага футбаліста трэнер тлумачыў тым, што ў яго ёсць выбар гульцоў. У лістападзе беларусу пачысцілі меніск і зрабілі тунэлізацыю храстка. У выніку Цімафей выбыў на тры месяцы, і ў лютым заявіў, што блізкі да заканчэння кар'еры.

- Стаў радзей трапляць у асноўны склад, цяпер атрымаў цяжкую траўму... Гэта званок, бо здароўе - галоўны крытэр у спорце, распавёў Калачоў прэсе. - Пасля заканчэння кар'еры хочацца нармальна жыць і не адчуваць боляў у суставах. Плюс мне ўжо будзе 38 гадоў. Хтосьці і да 35 не дагульвае. Таму, напэўна, шмат фактараў паказваюць на тое, што час заканчваць. Я блізкі да гэтай пастановы. Але ў душы пакуль не магу з гэтым змірыцца. Плюс многае будзе залежаць ад зацікаўленасці клуба ўва мне. Кар'еру дакладна хачу закончыць у «Растове».

Акрыяўшы ад пашкоджання, 5 траўня ён правёў 68 хвілін у матчы з «Краснадарам». Пасля гэтага Калачоў выходзіў на поле ў афіцыйных сустрэчах яшчэ двойчы, а ў чацвер клуб заявіў, што паядынак з «Зэнітам» 25 траўня стане для беларуса развітальным у футболцы «Растова». Прэзідэнт «Растова» Арташэс Аруцюнянц абяцаў Калачову зладзіць маштабныя праводзіны. Паглядзім, што гэта будзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках