20 чэрвеня 2019, Чацвер, 13:20
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Антысэмітызм у Беларусi нікуды не падзеўся

Улады дазваляюць сабе з усмешкай жартаваць на тэму габрэйскай крыві.

22 траўня на Паўночных могілках Берасця, за 6 кіламетраў ад горада, адбылося ўрачыстае перапахаванне парэшткаў 1214 чалавек, знойдзеных на месцы былога габрэйскага гета, паведамляе «Радыё Свабода».

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзяў удзел кіраўнік Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук, а таксама прадстаўнікі габрэйскіх суполак горада, пасол Ізраіля, дыпламаты з ЗША, Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы і іншых краін.

Паводле габрэйскай традыцыі, чалавечыя парэшткі перапахавалі разам з зямлёй, якую прывезлі на могілкі з месца знаходкі. Берасцейскія ўлады абяцаюць паставіць на месцы перапахавання памятны знак.

«Яны ведалі, што там ляжаць людзі»

Будаўніцтва жылога комплексу недалёка ад перасячэння вуліц Куйбышава і Машэрава ў Берасці пачалося ў жніўні 2018 года. Забудоўшчыкам стала кампанія «Прыбужскі квартал», будучым жыхарам паабяцалі элітнае жыллё ў 4-павярховых будынках. Кошт квадратнага метра дасягаў прыкладна 1600 даляраў - нятанна нават для сталіцы. Цэнтр горада, побач пешаходная Савецкая і набярэжная ракі Мухавец.

Напрыканцы восені працы перайшлі ў актыўную фазу, на пляцоўку прыгналі цяжкую тэхніку. У студзені 2019-га пачалі капаць катлаваны. Амаль адразу працаўнікі наткнуліся на чалавечыя парэшткі, выклікалі міліцыю. Праваахоўнікі прыехалі, агледзелі косткі, сказалі, што гэта «з часоў вайны, а таму не наша» , і з'ехалі. Чалавечых костак тым часам станавілася ўсё больш. Лік пайшоў на сотні.

«Мясцовыя ўлады ведалі, што на гэтых пляцоўках могуць быць пахаванні, - распавядае берасцейскі гісторык Ірына Лаўроўская. - Першыя парэшткі людзей знайшлі там у 1956 годзе. Даволі вялікую колькасць - 600 чалавек. У 70-я гады там знаходзілі чалавечыя парэшткі. Год ці паўтара таму выйшла кніга нямецкага даследчыка Ганцара, у якой задакументаваныя падзеі ў Берасці 1941 года. Там таксама гаворыцца аб расстрэлах. Мяркую, дакументы пра гэта павінны быць і ў КДБ. Таму - так, гарадскія ўлады ведалі аб тым, што гэта за месца».

Лаўроўская, як і іншыя берасцейцы, даведалася аб знаходцы з інтэрнэту. Жыхарка аднаго з суседніх дамоў убачыла ў акно, што рабочыя дастаюць з катлавана чалавечыя чарапы і зняла гэта на відэа для свайго Instagram. Навіна неўзабаве разляцеўся па горадзе.

Сітуацыю ўскладняла тое, што будаўнічая пляцоўка - на тэрыторыі ахоўнай зоны. Згодна з пастановай Савета Міністраў, ахоўная зона ў Берасці знаходзіцца ў межах бульвара Касманаўтаў, вуліцы Леніна, лініі чыгункі і ракі Мухавец. Дзяржава на гэтай тэрыторыі ахоўвае не толькі забудову, але і культурны пласт.

Усе будаўнічыя работы павінны ўзгадняцца з экспэртамі, на месцы будоўлі трэба праводзіць раскопкі. Ці было гэта зроблена кампаніяй «Прыбужскі квартал» - дагэтуль невядома.

«Перад кожным будаўніцтвам на тэрыторыі ахоўнай зоны ствараецца праект, у якога ёсць навуковы кіраўнік, - распавядае Ірына Лаўроўская. - Абавязкова ствараецца гістарычная даведка аб тэрыторыі, на якой рэалізуецца гэты праект. Вось я вельмі хацела б бачыць гэтую гістарычную даведку, што ў ёй прапісана. Тут пытанне ў самавітых парушэннях працэдуры вызначэння пляцоўкі і далей па пунктах вядзення праектных і будаўнічых работ».

Гісторык стварыла ў інтэрнэце петыцыю з заклікам да берасцейцаў падтрымаць яе ідэю - спыніць будаўніцтва жылога комплексу на месцы былога гета і стварыць там Мемарыяльны парк. Петыцыю падпісалі 745 чалавек.

«Я не выступаю супраць новай будоўлі ў горадзе, - распавядала Ірына Лаўроўская ў канцы лютага. - Але я катэгарычна супраць таго, што сітуацыя, якая склалася, ігнаруецца. Там блізу 1000 чалавек знойдзена. Гэта азначае, што гэта месца знакавай гістарычнай падзеі. Што такое гістарычны горад - гэта сума месцаў, важных для памяці. Вось такім месцам для Берасця з'яўляецца гэта месца, дзе горад страціў амаль палову свайго насельніцтва цягам некалькіх дзён. Гэта падзея ў нас ніяк не адзначаная».

На думку гісторыка, сімвалічна яшчэ і тое, што знаходка адбылася напярэдадні святкаванняў 1000-годдзя Берасця. Ірына Лаўроўская мяркуе, што былое гета магло б стаць «месцам пакаяння» для жыхароў горада.

«Трэба даследаваць усю тэрыторыю гэтага квартала, тэрыторыю з процілеглага боку, - кажа яна. - Падняць усе дакументы, якія ёсць у КДБ. Трэба праверыць, дзе маглі быць яшчэ такія пахаванні, правесці новыя археалагічныя даследаванні. А ў гэтым канкрэтным выпадку - вызначыць нейкую канкрэтную тэрыторыю, якая не павінна забудоўвацца. У знак памяці і ў знак нашага пакаяння. Мы ж не папрасілі прабачэння за гэта. Мы былі сведкамі»

«Такое адчуванне, што тут ляжаць не берасцейцы, а хтосьці чужы»

Максім Хлебец рэдагуе гарадское выданне natatnik.by. Кажа, што ніколі асабліва не быў уцягнуты ў грамадскую дзейнасць. Тым больш - у дзейнасць габрэйскіх арганізацый Берасця. Ледзь не ўпершыню ён зрабіў гэта зімой гэтага года, калі пачаў займацца гісторыяй са знаходкамі на тэрыторыі былога гета. Кажа, што ўжо амаль шкадуе аб гэтым. Маўляў, нікому памяць пра гета ў горадзе асабліва не патрэбная.

«У жніўні 2018 года мы пралезлі на агароджаную пад будаўніцтва пляцоўку, рабілі фотарэпартаж адтуль, - распавядае Максім. - Там былі драўляныя дамы, якія потым зруйнавалі. Апублікавалі здымкі, падпісалі, што гэта ўсё на месцы гета знаходзіцца, што там адбываліся расстрэлы. Разумееце, у горадзе ўсе ведаюць пра гэта. Нават нічога асабліва і пісаць не трэба. Людзі памятаюць, што тут было гета».

Максім паказвае журналістам два дамы, пабудаваныя на тэрыторыі гета за савецкім часам. Пад адным знайшлі парэшткі 600 чалавек, пад другім менш, але дакладнай лічбы няма. Побач стаіць невялікі мемарыяльны знак. Яго паставілі ў 1992 годзе, ужо ў часы незалежнасці. Папярэднія два, устаноўленыя ў 1945-м і ў 70-я, пратрымаліся ўсяго па некалькі гадоў. Дастаецца і новаму. Знак, на якім напісана пра 35 тысяч ахвяр берасцейскага гета, перыядычна размалёўваюць фарбай.

«Варыянт з Паўночнымі могілкамі больш просты для ўсіх, - кажа журналіст. - Для габрэйскіх суполак таму, што ўлады самі яго прапанавалі і прафінансавалі. Для ўладаў - не трэба нейкі мемарыяльны знак пасярод горада ставіць. Абыякавасць у жыхароў горада да гэтай гісторыі. Маўляў, навошта нам ствараць Мемарыял, хай габрэі самі плацяць, гэта ж габрэі тут пахаваныя. Няма разумення таго, што забітыя ў гета габрэі - гэта такія ж жыхары Берасця, як і ўсе іншыя. Цяпер проста габрэяў у горадзе амаль няма, іх не бачаць. Таму такое разуменне, што гэта хтосьці чужы нам. Але ж гэта не так. У Берасці да вайны палова насельніцтва былі габрэямі, калі не больш».

Максім распавядае, што цяпер у Берасці жыве прыкладна 400 больш-менш актыўных удзельнікаў чатырох габрэйскіх суполак. Яшчэ некалькі сотняў габрэяў у дзейнасці абшчыны не ўдзельнічаюць. Дачыненні паміж суполкамі таксама няпростыя. Акрамя мемарыяльнага знака, на месцы былога гета яшчэ ёсць невялікі музей у падвале звычайнага жылога дома. Там захоўваюцца часткі Торы з былой сінагогі. У самой сінагозе па-ранейшаму размяшчаецца кінатэатр «Беларусь».

«Калі пачалася гэтая гісторыя, я звярнуўся ў Інстытут гісторыі НАН- Прапанаваў узяць частку парэшткаў на экспэртызу, захаваць іх для аналізу ДНК. Гэта ж усё можна было зрабіць. Мне спачатку адказалі, што, вядома, можна і нават трэба. Што грошы ў іх ёсць для камандзіроўкі сваіх супрацоўнікаў. Я расказаў пра ўсё кіраўніцы адной з габрэйскіх суполак Берасця Рэгіне Сіманенцы, яна пайшла ў гарвыканкам, там прапанавала гэта зрабіць. Гарвыканкам патэлефанаваў у НАН, і пасля мне там нічога, акрамя «я не ўпаўнаважаная з вамі размаўляць», ужо не казалі. Вось так усё і скончылася».

У выніку навуковага даследавання парэшткаў ахвяр так і не зрабілі. Усе чалавечыя косткі дасталі з катлавана і адвезлі на тэрыторыю Берасцейскай цытадэлі, дзе захоўвалі ў каземаце побач з брамай у выглядзе зоркі. Са слоў Максіма, на тэрыторыі гета маглі быць пахаваныя не толькі габрэі, але і мясцовыя беларусы. Даведацца пра гэта цяпер будзе значна складаней.

«Нікому тут гэтая памяць асабліва не патрэбная, - кажа Максім. - Жартачкі гэтыя, усё ж адтуль ідзе. Антысемітызм нікуды не дзеўся. Вы паглядзіце прэс-канферэнцыі з удзелам кіраўніцтва горада. Яны ж сабе таксама дазваляюць пажартаваць на тэму габрэйскай крыві, з усмешкай. Берасцейцы цяпер мяркуюць, што гэта нейкая іншая гісторыя, не нашага горада. У Берасцейскай цытадэлі героі, а тут нейкія там габрэі».

«Ці будзе на месцы перапахавання помнік? Добрае пытанне»

Рэгіна Сіманенка, якая кіруе адной з чатырох берасцейскіх габрэйскіх арганізацый, кажа, што пакуль дакладна невядома, ці будзе на месцы перапахавання на Паўночных могілках усталяваны памятны знак. З яе слоў, пытанне ўпіраецца ў фінансаванне. Магчыма, да справы давядзецца прыцягнуць міжнародныя габрэйскія арганізацыі, аднак пакуль дамоўленасцяў з гэтай нагоды няма.