26 чэрвеня 2019, Серада, 16:13
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Мотавела», «Белмедпрэпараты»: Хто акрамя Чыжа трапляў пад «харчразвёрстку» дзяржавы

Пастанова суда ў «дынамаўскай справе» – на жаль, не рэдкасць.

Змест пазову Менгарвыканкама да «Трайпла» і выніковая пастанова суда паводле «дынамаўскай справы» – на жаль, не рэдкасць у дачыненнях дзяржавы з прыватным бізнэсам, піша tut.by.

За дваццаціпяцігоддзе іх няпростых камунікацый, новы перыяд якіх пачаўся ў 1994 годзе, пастановаў з такім прадказальным вынікам – тысячы. Пачынаючы з «Пушэ» і сканчаючы «Керамінам», «Камунаркай», «Чырвоным харчавіком», «Мотавела», а цяпер і «Трайплам». Кагосьці ўвагнаць у пазыкі і давесці да банкруцтва, камусьці адмовіць у канвертацыі і прымусіць добраахвотна, усвядоміўшы марнасць пікіравання з дзяржмашынай, аддаць завод.

«Залатая акцыя» і дадатковая эмісія – увогуле тэма даследаванняў як інструменту нацыяналізацыі ў эканоміцы Беларусі пераходнага перыяду. А часам, калі пад руку не трапілася ніякага інструменту, але ёсць абавязальная дырэктыва зверху – можна, не моцна затлумляючыся, проста паставіць прыватніка перад фактам мізэрнасці, несапраўднасці ягоных правоў на ўласнасць.

І напружвае – што ніхто не застрахаваны ад таго, што не апынецца ў сітуацыі, у якую трапіў Юрый Чыж з акцыямі «Дынама-Менск».

Журналісты згадалі некалькі самых скандальных забіранняў (адцісканняў) дзяржавай уласнасці ў прыватнікаў.

«Дынама», 1998 год

«Не плюй у калодзеж – спатрэбіцца вады напіцца». Гэта пра Чыжа, які дваццаць гадоў таму стаў гаспадаром «Дынама». Але аб'ектыўна ў той гісторыі Юрый Чыж – персанаж на «падхопе».

Бізнэс ягонага папярэдніка Яўгена Хвастовіча, пры якім «дынамаўцы» шэсць разоў станавіліся чэмпіёнамі (пры Чыжу – адзін), да канца 1990-х гадоў «падсеў», пачаліся праблемы з выплатамі заробкаў. Але, здаецца, галоўнай праблемай стала тое, што да Хвастовіча тады яшчэ не дайшло, што, маючы бізнэс, крытыкаваць уладу – гэта табу.

Схема, якая была выкарыстаная для выціскання Хвастовіча з «Дынама», – чым не тыповы прыклад рэйдарскага захопу, шырока і паспяхова ўжывальнага ў той час у суседніх Расеі і Украіне. Толькі ў нас замест браткоў – цалкам сабе афіцыйныя органы, якія стварылі паралельную юрыдычную асобу («Дынама-Менск»), ад яе імя заключылі кантракты з гульцамі хвастовіцкага «Дынама» і ўручылі стары-новы клуб змагару, каб ён цягам наступных дваццаці гадоў дапамагаў са сваёй кішэні ўтрымліваць сімвал беларускага футболу.

Нагадаем, для Хвастовіча гэтым справа не скончылася. Ён з сям'ёй быў вымушаны эміграваць у ЗША і цягам многіх гадоў на запыт беларускага боку знаходзіўся ў міжнародным вышуку паводле лініі Інтэрполу.

«Стары Менск» 2003

Тое, што «горад – сіла», цяпер прадэманстраваў на прыкладзе пераможнай справы пра акцыі «Дынама-Менск» новы кіраўнік Менгарвыканкама Анатоль Сівак.

Пры Міхаілу Паўлаву, які ўзначальваў гарадскую адміністрацыю ў 2000–2009 гадах, пра гэта ж даведаліся арандатары будынкаў у гістарычным цэнтры Менска.

З 1992 года эксплуатацыяй часткі аб'ектаў на гэтым гістарычным пятачку сталіцы займалася ААТ «Стары Менск». Яно было створанае з удзелам Менгарвыканкама і некалькіх дзяржаўных, напалову дзяржаўных і прыватных структураў. Горад перадаў прадпрыемству больш за тузін будынкаў у арэнду на 49 гадоў, а ягоныя партнёры і акцыянеры «Старога Менска» абавязаліся ўкладваць грошы ў іхнюю рэканструкцыю.

Што і рабілі да пэўнага часу. Аднак у 2003 годзе, верагодна, незадаволены тэмпамі рэканструкцыі, Менгарвыканкам падаў пазоў у Гаспадарчы суд г. Менска пра прызнанне незаконнасці рэгістрацыі і стварэння «Старога Менска». Фармулёўка нічога не нагадвае? Cуд, як і ў выпадку з акцыямі футбольнага клуба, прыняў бок горада. У выніку «Стары Менск» быў ліквідаваны, а актывы на бязвыплатнай аснове былі перададзеныя ў спецыяльна створанае, 100% дзяржаўнае прадпрыемства эксплуатацыі і развіцця гістарычнай часткі Менска – «Менскую спадчыну».

«Белмедпрэпараты», 2004

У аднаго з двух найбуйнейшых вытворцаў лекавых прэпаратаў краіны ў сярэдзіне 1990 – пачатку 2000-х гадоў былі іншыя акцыянеры, акрамя дзяржавы.

Блакавальным пакетам акцый «Белмедпрэпаратаў» распараджаліся структуры Валерыя Коласаўскага, а пасля таго, як бізнэсовец быў вымушаны эміграваць у ЗША, ягоная дзель перайшла ў рукі ўладальнікаў Міжнароднага аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М».

Дылеры валодалі акцыямі «Белмедпрэпаратаў» да 2004 года – да таго моманту, калі ў Вышэйшы гаспадарчы суд з пазовам наконт прызнання несапраўдным факту прыватызацыі завода ад імя ўрада звярнулася пракуратура.

І суд вызначыў, што прадпрыемства акцыянаванае з парушэннем заканадаўства, паколькі на момант рэфармавання займалася вытворчасцю і рэалізацыяй прэпаратаў для сельскай гаспадаркі і паводле адной з пастановаў Вярхоўнага Савета ад 1993 года павінна было быць уключанае ў пералік прадпрыемстваў, забароненых да акцыянавання.

У тым самым годзе «Белмедпрэпараты» на 100% сталі дзяржаўнымі.

«МНПЗ плюс», 2005-ы

Прыватная кампанія «МНПЗ плюс» была створаная 3,8 тыс. фізічнымі асобамі (уключаючы дзейных і былых супрацоўнікаў) у ходзе пераўтварэння Мазырскага НПЗ з арэнднага ў акцыянернае прадпрыемства. І некаторы час яна была ўладальніцай трэцяга паводле велічыні пакета акцый (12,252%) завода пасля беларускага ўрада і «Слаўнафты», а таксама мінарытарам (6,2%) самой «Слаўнафты».

Праз дзесяць гадоў уладальнікі «МНПЗ плюс» страцілі ўсё.

Спачатку ў выніку перапродажу пакета расейскай інвестыцыйнай кампаніі і расейскага дэфолту 1998 года дзельнікі «МНПЗ плюс» страцілі і сваю дзель у «Слаўнафце», і грошы за яе каштоўныя паперы. А потым належнымі імі акцыямі Мазырскага НПЗ віртуозна завалодала беларуская дзяржава.

У 2005 годзе Вышэйшы гаспадарчы суд задаволіў пазоў Мінфіна да «МНПЗ плюс» у вяртанні 4,7 млн даляраў. Удзельнікі працэсу ад «МНПЗ плюс» спрабавалі аспрэчыць пастанову, паколькі гаворка ішла пра заробленыя імі ў часы арэнды грошы, якія да таго ж паводле дазволу таго ж Мінфіна былі выдаткаваныя на выплату запазычанасці ў расейскіх энэрганосьбітах. Але прагназавана саступілі.

Дзяржава ў якасці забеспячэння вяртання пазыкі ў выніку атрымала 98,97% дзелі ў «МНПЗ плюс». Адпаведна, да яе перайшлі і 12% акцый самога завода. Улады не сталі турбаваць сябе і ацэнкай кошту пакета, палічыўшы усё паводле наміналу, хоць рынкавы кошт акцый Мазырскага НПЗ на той момант складаў не менш як 110 млн даляраў.