18 чэрвеня 2019, aўторак, 14:58
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Эўпенты» няма, прапанавалі зрабіць платную прышчэпку»

1

Беларускія рэгіёны скардзяцца на праблемы з вакцынай.

Карэйскую вакцыну, з нагоды якой разгарэўся ў мінулым годзе скандал, надоечы зарэгістравалі ў Беларусі. Аднак яна ёсць не ва ўсіх паліклініках.

- Сёння зноў патэлефанавала раніцай у паліклініку, вакцыны няма, - распавядае tut.by Марыя, маладая мама з Баранавічаў.

У жанчыны двое дзяцей, кажа, з прышчэпкамі для старэйшага ніякіх праблем не было. Усё рабілася дзень у дзень, тэлефанавала медсястра і запрашала ў паліклініку. Але з малодшым дзіцем ўсё выйшла інакш.

- У два месяцы малечу павінны былі планава прышчапіць ад коклюшу, дыфтэрыі, слупняку, увесці карэйскую вакцыну «Эўпенту». Прыйшлі ў паліклініку і даведаліся: «Эўпенты» няма, тады нам прапанавалі зрабіць платную «Гексаксім» за 92 рублі! Калі не згодныя, трэба адмаўляцца ад прышчэпкі. Ну чаму? Яна ж прадугледжана для дзяцей бясплатна, і я хачу прышчапіць дзіцяці, - распавядае Марыя. - Лекар сказаў, нічога страшнага, калі ўкалоць пазней. Але выходзіць, тады трэба зрушваць тэрміны ўсіх прышчэпак.

У 4-й дзіцячай паліклініцы ў Баранавічах пацвердзілі: з «Эўпентай» сапраўды ёсць праблемы.

- Наколькі мне вядома, гэтая сітуацыя не толькі Берасцейскага рэгіёну. Вакцыны няма, яна праходзіла перарэгістрацыю, цяпер яе выпрабоўваюць на бяспеку і абяцаюць, што ў ліпені яна павінна паступіць, - каментуе Наталля Шатон, лекарка-педыятр, загадчыца кабінета прышчэпак дзіцячай гарадской паліклінікі.

Яна адзначае: дзеці будуць прышчапляцца паводле індывідуальнага календара. Апошні раз паступленне «Эўпенты» было 10 дзён таму, 361 дозу ў Баранавічы накіравалі з іншай вобласці.

Як распавядаюць у дзіцячай паліклініцы горада Слоніма, тут карэйскай «Эўпенты» няма больш, чым паўгода. Каб не пакідаць дзяцей без прышчэпак, бацькам прапануюць расейскую АКДС.

Няма карэйскай вакцыны і ў 2-й дзіцячай паліклініцы ў Гародні, і ў 1-й.

- «Эўпента» да нас не паступала з красавіка, і цяпер яе наогул няма ў Гарадзенскай вобласці. Яна ўжо ў краіне, але яшчэ правяраецца, - адказваюць у першай дзіцячай паліклініцы Гародні.

Журналісты звязаліся з некалькімі паліклінікамі ў Менску і там запэўнілі: ніякіх праблем з карэйскай вакцынай няма.

- Ідуць без перабояў, - удакладняюць ў 25-й дзіцячай сталічнай паліклініцы.

- У сувязі з наяўнасцю абмежаванай колькасці вакцыны «Эўпента» у Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях для забеспячэння вакцынацыі дзіцячага насельніцтва праводзіцца пераразмеркаванне гэтай вакцыны паміж арганізацыямі аховы здароўя рэгіёнаў рэспублікі, - каментуе Іна Карабан, намесніца начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя РБ. - З моманту рэгістрацыі і ўнясення ў «Дзяржаўны рэестр лекавых сродкаў Рэспублікі Беларусь» вакцыны «Эўпента» праведзена яе закупка, паступленне ў краіну чакаецца цягам найбліжэйшага часу.

Як адзначыла Іна Карабан, цяпер участковыя лекары-педыятры праводзяць тлумачальныя гутаркі з бацькамі аб дапушчальнасці зрушэння тэрмінаў вакцынацыі. Тых дзяцей, якіх не змаглі прышчапіць своечасова, далей будуць прывіваць паводле індывідуальнага плану.