16 лiпеня 2019, aўторак, 12:20
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Някляеў: У некаторых, хто нарадзіўся ў вёсцы, ёсць жаданне далучыцца да Кіркорава і Баскава

7
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ

Паэт і палітык - пра «галодныя гульні» Лукашэнкі.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, якія цяпер жыве і працуе ў Швэцыі, выказаў праз «Народную волю» сваё стаўленне да «грандыёзнага спартовага форуму».

Нагадаем, што Еўрапейскія гульні пройдуць у Менску з 21 да 30 чэрвеня.

- На мой погляд, увесь сур'ёзны спартыўны свет да Еўрапейскіх гульняў ставіцца як да пагулянкі, - мяркуе Някляеў. - Як да мерапрыемства, дзе можна сустрэцца са знаёмымі, пагутарыць, адпачыць, а калі атрымаецца, то штосьці і здабыць. Адным словам, гульні не тым, чым ёсць спорт, а бліжэй да таго, што называецца пагулянка.

- Але ж у тым, што гульні пройдуць у Менску, можна і шмат добрага ўбачыць: турысты прыедуць, новыя аб'екты пабудавалі...

- Хай бы гэтыя гульні былі, але не ў тых умовах, у якіх сёння жыве Беларусь. У краіны столькі замежных пазык, якія трэба аддаваць, улада ўвесь час заклікае людзей эканоміць - маўляў, няма грошай. Просім гэтыя самыя грошы ў Расеі, якая адной рукой дае, а другі хапае цябе за горла.

І ў той жа час праводзім стратнае мерапрыемства. Асабіста для мяне відавочна, што ўсе гэтыя «Славянскія базары» з Кіркоравым і Баскавым, «грандыёзныя спартыўныя форумы» накіраваныя больш на задавальненне нейкіх асабістых інтарэсаў высокіх кіраўнікоў.

Дарэчы, у тых, хто нарадзіўся ў вёсцы, ёсць такая рыса - жаданне далучыцца да жыцця знакамітасцяў, тых жа Кіркорава, Баскава і спартыўных зорак.

Але беларусам ад гэтага ні горача, ні холадна. У іх сваіх праблем і радасцяў стае.