25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International: Варварству ў Беларусі павінен быць пакладзены канец

5
Amnesty International: Варварству ў Беларусі павінен быць пакладзены канец

Беларускія ўлады зноў выставілі напаказ іх поўнае грэбаванне да правоў чалавека.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International зрабіла заяву, у якой асудзіла прывядзенне ў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі. «Напярэдадні правядзення Еўрапейскіх гульняў у Менску беларускія ўлады зноў выставілі напаказ іх поўнае грэбаванне да правоў чалавека», - гаворыцца ў заяве.

Cайт Сharter97.org прыводзіць пераклад заявы Amnesty International:

«Amnesty International асуджае меркаванае прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду Аляксандру Жыльнікаву. 13 чэрвеня ягонаму адвакату сказалі, што прысуд Аляксандру Жыльнікаву «прыведзены ў выкананне». Згодна са звычайнай практыцы ў Беларусі, ягоная сям'я не была папярэджаная загадзя пра дату пакарання і, хутчэй за ўсё, цягам некаторага часу не атрымае афіцыйнай інфармацыі пра пакаранне. Чакаецца, што ягонае цела не вернуць сям'і для пахавання і што пра месца пахавання не паведамяць.

Абстаноўка сакрэтнасці і абыходжанне з сем'ямі асуджаных да смяротнага пакарання з'яўляюцца асабліва жорсткімі рысамі выкарыстання смяротнага пакарання ў Беларусі, якія выклікалі асуджэнне з боку ААН і рэгіянальных праваабарончых арганізацый, уключаючы Раду Еўропы, а таксама, міжнароднай супольнасці агулам.

«Напярэдадні правядзення Еўрапейскіх гульняў у Менску беларускія ўлады зноў выставілі напаказ іх поўнае грэбаванне да правоў чалавека, а таксама, да рэгіянальнай і глабальнай тэндэнцыі да скасавання гэтага незваротна жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага пакарання», - сказала дырэктарка рэгіянальнага аддзялення Amnesty International ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мэры Стразерс.

Нягледзячы на запыт Камітэта ААН у правах чалавека прыпыніць выкананне прысуду на час разгляду справы ў камітэце, прысуд Аляксандру Жыльнікаву быў прыведзены ў выкананне, што парушае абавязальніцтвы Беларусі ў міжнародным заканадаўстве ў галіне правоў чалавека.

Расце заклапочанасць з нагоды, ці не быў расстраляны Вячаслава Сухарка, які праходзіць паводле той жа справы, што і Аляксандр Жыльнікаў. На паўторным судзе ў студзені 2018 года іх абодвух прысудзілі да смяротнага пакарання пасля таго, як іх прызналі вінаватымі ў забойстве трох чалавек у студзені 2015 года. Цяпер няма паведамленняў пра лёс Вячаслава Сухаркі, але звычайнай практыкай у Беларусі з'яўляецца адначасовае выкананне прысуду для злачынцаў, якія праходзяць паводле адной справы.

Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна пацвердзіць стан і месцазнаходжанне Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі і падаць усю неабходную інфармацыю паводле гэтых спраў іх сем'ям і законным прадстаўнікам. Калі Вячаслаў Сухарка ўсё яшчэ жывы, улады павінны неадкладна скасаваць смяротны прысуд. Яны павінны таксама неадкладна ўвесці мараторый на ўсе выкананні прысудаў, як першы крок да скасавання смяротнага пакарання.

«Гэтаму варварству павінен быць пакладзены канец», - прадоўжыла Мэры Стразерс. «Беларусь не можа заставацца адзінай краінай у Еўропе і былым савецкім рэгіёне, якая на сваё меркаванне прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды і чакаць што міжнародная супольнасць будзе ёй у гэтым патураць».

Акрамя Вячаслава Сухаркі прынамсі яшчэ адзін зняволены застаецца ў камеры смяротнікаў у Беларусі. Аляксандр Асіповіч 9 студзеня 2019 года быў прысуджаны да смяротнага пакарання і прысуд быў пацверджаны 14 траўня 2019 года.

Amnesty International супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння. Гэта незваротна жорсткае, бесчалавечнае і зневажальнае пакаранне, якое парушае права на жыццё. Больш чым дзве траціны краін свету скасавалі смяротнае пакаранне заканадаўча або на практыцы. У 2018 годзе смяротнае пакаранне не ўжывалася ў 174 з 193 краін-чальцоў ААН.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках