20 лiпеня 2019, Субота, 19:58
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Бацькі: Кіраўніцтва дзіцячага садка пад Менскам шантажом прымушае купіць сантэхніку

22
Фота: sadbolshevik.schools.by

У дзіцячым садку заяўляюць, што яны ў шоку ад прэтэнзій бацькоў.

У рэдакцыю сайта Charter97.org звярнулася чытачка з аграгарадка Бальшавік, які знаходзіцца пад Менскам. Яна распавяла пра шантаж у дзіцячым садку, куды ходзіць ейнае дзіця:

«У ДУА «Бальшавіцкі яслі-сад Менскага раёна», які знаходзіцца ў аграгарадку Бальшавік, бацькоў прымушаюць за свае сродкі закупляць у групу унітазы і ўсталёўваць іх. Тых бацькоў, якія не будзе здаваць грошы на унітазы і займацца іх устаноўкай у дзіцячым садку шантажуюць прымусова перавесці іх дзяцей у іншую «халодную» групу (там цвіль і дрэннае ацяпленне). Чэкі ад куплі унітазаў патрабуюць аддаваць загадчыцы дзіцячага садка, бо яна іх падае ў РАНА, нібыта сантэхніка набытая на грошы, выдадзеныя з бюджэту.

Да гэтага выпадку, была такая ж сітуацыя: усіх бацькоў абавязалі купіць цацкі ў групу, чэкі ад набыткаў прынесці з сабой і аддаць выхавальніцы. Гэтыя чэкі прымацавалі у сшытак, нібыта гэтыя цацкі былі набытыя на грошы, выдадзеныя з бюджэту. Куды напраўду сыходзяць грошы, выдадзеныя дзіцячаму садку з дзяржбюджэту - застанецца невядомым.

Калі бацькі ўсталююць унітазы - іх і далей змогуць шантажаваць пераводам дзяцей у «халодную» групу, бо іх папросяць новыя вокны ўсталяваць за свае сродкі, зрабіць рамонт, а потым, можа, у загадчыцы дома ўсталёўваць унітазы.

У другой групе гэтага ж саду з бацькоў збіраюць грошы на ноўтбук, каб было музычнае суправаджэнне на ранішніках. Мяркую, што гэтыя дзеянні падпадаюць пад наступныя артыкулы КК РБ: Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (арт. 210 КК), крадзеж прысваенне або растрата (арт. 211 КК), укрывальніцтва злачынстваў (арт. 405 КК). Неданясенне аб злачынстве (арт. 406 КК), злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424 КК)».

Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да намесніка загадчыцы ў асноўнай дзейнасці ДУА «Бальшавіцкі яслі-сад Менскага раёна»:

«У нашым дзіцячым садку ёсць дзве пастаянныя ясельныя групы. Год знаходзішся ў адной групе - пераходзіш ў іншую. Бацькі выказалі жаданне застацца ў гэтай групе. Згодна з санітарнымі нормамі і правіламі павінен быць адзін унітаз на сем чалавек. У групе 20 чалавек. Пры галасаванні 18 чалавек выступілі «за» замену ўнітазаў. Ніякіх чэкаў я не патрабую, ні ў якую «халодную групу» дзяцей пераводзіць не збіраюся.

Учора на сход групы прыйшлі чатыры чалавекі з дваццаці. У мяне ёсць усе дакументы, што ўсё добраахвотна», - распавяла намесніца загадчыка.

Існаванне «халоднай групы» намесніца загадчыка пацвярджае, але праблему абяцае развязаць:

«Так, такая праблема існуе, гэтую праблему я развяжу да пачатку новага навучальнага года, да канца лета».

У дзіцячым садку зняпраўджваюць інфармацыю і пра «патрабаванні куплі ноўтбука»:

«Ніякіх ноўтбукаў не прашу і наогул, я ў шоку ад гэтай інфармацы».

Намесніца загадчыка дзіцячага сада заяўляе, што бюджэтных грошай на ўстаноўку сантэхнікі не прадугледжана:

«У мяне ёсць толькі пазабюджэтныя сродкі. У гэтым годзе бюджэтных грошай не прадугледжана».