22 лiпеня 2019, панядзелак, 9:41
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Статкевіч адказаў Пуціну

83
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Расейцы, давайце не будзем мяняць наша стаўленне да вас.

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч адказаў на апошнія словы кіраўніка Крамля пра Беларусь:

- Нядаўна прэзідэнт Расеі так пракаментаваў беларуска-расейскія адносіны:

«На маё глыбокае перакананне, мы - адзін народ. Але так склалася, што мы жывём у розных краінах, розныя дзяржавы ўтварыліся... Сёння няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага аб'яднання. У нас няма такіх планаў, мэтаў няма. У нас ёсць план будаўніцтва саюзнай так званай дзяржавы, я перакананы, што нашы людзі ў гэтым зацікаўленыя».

«Адзін народ» - гэта значыць, што на думку Пуціна беларусаў, як нацыі не існуе. Што яны частка расейскай нацыі, праз сітуацыю, што «склаліся», апынулася па-за Расеяй і выпадкова атрымала асобную дзяржаву. Атрымліваецца, што лідар краіны - нашага найбліжэйшага саюзніка, публічна заявіў, што беларускай нацыі не існуе.

Вывад з такога заключэння таксама зроблены. Гэта паглынанне Беларусі Расеяй з выкарыстаннем плана «будаўніцтва так званай саюзнай дзяржавы». Якая па гэтым плане павінна мець агульнага прэзідэнта, урад, парламент, войска, праваахоўныя органы, валюту, межы. Гэта значыць - стаць рэальна адзінай дзяржавай.

Улічваючы велізарную розніцу ў насельніцтве, геаграфічных памерах, эканоміцы і насельніцтве, а таксама зробленае вышэй заключэнне аб «адным народзе», відавочна, што раўнапраўнае аб'яднанне двух народаў немагчымае. Па сутнасці, прэзідэнтам Расеі адкрыта заяўлена пра намер паступова паглынуць Беларусь.

Дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што да такой сітуацыі ў першую чаргу прывяла даўгачасная здрадніцкая палітыка Лукашэнкі, які дзеля маскоўскіх датацый для ўтрымання сваёй улады больш за 20 гадоў праводзіў свядома антыдзяржаўную палітыку. За што яму яшчэ трэба будзе даваць справаздачу.

Вядома, беларусы не «зацікаўлены» ў страце незалежнасці сваёй краіны. Не пагодзяцца яны і з адмаўленнем права сваёй нацыі на існаванне. Занадта многія з нас ганарацца сваёй старажытнай і слаўнай гісторыяй, нашай унікальнай і прыгожай мовай, сваёй цудоўнай краінай. Мы будзем змагацца за Беларусь. Змагацца ўсімі магчымымі сродкамі.

Але я ўпэўнены, што і простыя расейцы не «зацікаўлены» ў ператварэнні самага прыязнага да іх народа і краіны ў варожую тэрыторыю. На ўтрыманне якой давядзецца выдаткоўваць каласальныя рэсурсы і жыцці сваіх салдат. Бо досвед ператварэння Украіны - перад вачыма.

Дарагія расейскія суседзі! Мы - братэрскі, дружалюбны вам асобны народ са сваёй старажытнай гісторыяй, з унікальнай культурай і каханай намі краінай. Гатовы абараняць усё гэта. Давайце не будзем мяняць наша стаўленне да вас.

А калі ваш тутэйшы васал нешта там наабяцаў за вашы грошы вашаму кіраўніцтву, то ўсе пытанні - да яго асабіста. Думаю, што істотную частку гэтых грошай яшчэ можна вярнуць з яго замежных рахункаў.