11 траўня 2024, Субота, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мастак Алесь Пушкін правёў акцыю-перфоманс супраць русіфікацыі Беларусі

45
Мастак Алесь Пушкін правёў акцыю-перфоманс супраць русіфікацыі Беларусі

Пратэстнай пляцоўкай стала крама «Еўраопт», дзе мастака адмовіліся абслужыць па-беларуску.

У 220-ю гадавіну нараджэння расейскага паэта Аляксандра Пушкіна ягоны беларускі цёзка мастак Алесь Пушкін зладзіў перформанс супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Пратэстнай пляцоўкай стала крама «Еўраопт» у горадзе Крупках Менскай вобласці, у якой 8 траўня ў Пушкіна адбыўся непрыемны выпадак на моўнай глебе, там яго адмовіліся абслугоўваць па-беларуску.

Моўны інцыдэнт у Крупскім «Еўраопце»

Мастак Алесь Пушкін, які жыве ў вёсцы Бобр Крупскага раёна, вядомы актыўнай абаронай правоў беларускамоўных.

Пушкін часта звяртае ўвагу на дзеянні дзяржаўных службоўцаў, работнікаў пошты, крам, сельсавета, ідэолагаў, праваслаўных святароў, якія грэбуюць беларускай мовай і культурай. У абарону беларускай мовы ён неаднаразова пісаў лісты ўладам, пасля якіх часам каралі парушальнікаў. У траўні хацелі пакараць яго самога за настойлівае патрабаванне абслужыць па-беларуску.

6 чэрвеня Алесь Пушкін зладзіў перформанс перад крамай сеткі «Еўраопт» у цэнтры Крупак, дзе месяц таму ў яго здарыўся канфлікт на моўнай глебе. Дата была абраная невыпадкова: 6 чэрвеня - дзень нараджэння расейскага паэта Аляксандра Пушкіна.

«Усё здарылася 8 траўня, - кажа Алесь Пушкін пра інцыдэнт, які выклікаў ягоны пратэст. - Ніводнага надпісу па-беларуску ў Крупскім «Еўраопце» няма, дзе што ляжыць - здагадайся. Запытаўся ў супрацоўніцы пра шампіньёны, тая паказала. Іду далей - бачу, хлопец у фірмовай вопратцы гэтай сеткі. Дзе, кажу, кава распушчальная, пакажыце палічку. І яго панесла: «Чо? Якая какава? Ды пайшоў ты на..., нармальна спытай... «Натуральна, мяне зачапіла: «Нічога сабе, ты хто такі, чаму без бэджыка?» На што быў пасланы яшчэ далей, пачаў клікаць персанал, каб яго выставілі».

Нягледзячы на градус напружанасці, канфлікт спачатку ўдалося замяць - намесніца дырэктара Марына Заграбальная папрасіла прабачэння за нястрымнасць свайго супрацоўніка Паўла Чыркова. Як кажа Алесь Пушкін, нічога пісаць у кнізе скаргаў тады ён не стаў, пайшоў закупляцца далей. І зноў наткнуўся на таго самага работніка.

«Як быццам нічога дагэтуль не было, я пацікавіўся: дзе ў вас кава распушчальная? І зноў пачуў: «Ах, б..., ты яшчэ тут? Ану, пайшлі...» Паклікаў ахоўніка Вадзіма Бабкова. Вывелі мяне пад відэакамеры і пачалі правакаваць: «Мовы захацеў? Цяпер атрымаеш...» Правакавалі, каб я раззлаваўся, пачаў махаць рукамі, яны мяне скруцілі і выклікалі міліцыю. І цяпер быў бы не мастак Пушкін, а хуліган, «які б'ецца з персаналам, перашкаджае працаваць». Я вытрымаў, толькі папярэдзіў, што праблемы яны сабе зарабілі сур'ёзныя».

На гэты раз Пушкін пакінуў запіс у кнізе скаргаў, знайшоў нарэшце распушчальную каву, памахаў чэкам у відэакамеру і паехаў дадому ў Бобр.

А ўжо ўвечары Алеся Пушкіна наведаў участковы міліцыянт Андрэй Белякоў: «Маўляў, паступіла заява на «агрэсіўнага кліента» з боку супрацоўніка «Еўраопт» Паўла Чыркова.

Яшчэ праз тыдзень начальніца аддзела ідэалогіі Крупскага райвыканкама Алена Дамаронак патэлефанавала і запрасіла Алеся Пушкіна на прафілактычную гутарку.

«Павітаўся: выдатна вас ведаю. Гэта вы закрылі нам танцы, гэта вы не хацелі даваць беларускамоўныя падручнікі майму сыну Міколу, пакуль не прыстрашыў, што зрушу помнік Леніну. Справа, кажу, нават не ў гэтым. Вы вось па-расейску клічаце мяне. Я не разумею. Скажыце па-беларуску, можа і пагаджуся. «У нас «дзвюхмоўе», адказвае. Ну вы даяце: хочаце, каб я па нейкае ліха да вас з’явіўся, і адмаўляецеся гаварыць са мной на адной мове? І адключыўся. Пасля чаго яна напісала, што я «катэгарычна адмовіўся ад сустрэчы».

Але адміністрацыйная справа супраць Пушкіна праз пару дзён была закрытая.

«Дасылаюць паперку: можна азнаёміцца з вынікамі праверкі. Паглядзеў, як вывучалі відэазапісы з камер, як апытвалі прадавачак, як бралі паказанні ў маіх крыўдзіцеляў. І ўсё стала на свае месцы: «Я Расеец( з вялікай літары), чаму абавязаны ведаць расейскую?» - пісаў у тлумачэнні Павел Чыркоў. Прабачце, чаму ў Беларусі працуе чалавек, які намі грэбуе? Няўжо «Еўраопту» ўсё адно? Гэта стала апошняй кропляй!»

Алесь Пушкін кажа, што калі пасля Віцебска ў 1997 годзе вярнуўся на радзіму ў Бабёр, моўная сітуацыя ў гарадку была нашмат лепшай. Але з пачатку 2000-х русіфікацыя пачала набываць імклівыя тэмпы.

«Я калі прыехаў і павесіў над домам бел-чырвона-белы сцяг, мы з Яначкай (жонкай - заўв.) пачалі культурнае жыццё: ладзілі Купалле, Каляды, выставы, - узгадвае ён. - Калі нарадзіліся дзеці, вадзілі да лагапеда, псіхолага, тыя пераходзілі на беларускую мову. А ў нулявых сітуацыя змянілася: «Гавары нармальна, ды кінь, чаго ты вые...». І ў 2019-м магу канстатаваць: агрэсія проста злая. Вельмі паказальная рэч для ўсходу Беларусі. Што будзе, калі такім людзям паабяцаць расейскія пашпарты?», - задаецца пытаннем мастак.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках