24 лiпеня 2019, Серада, 2:21
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Прыхільнікі Гуайдо і Мадуры абвесцілі новы раўнд перамоваў

3
ХУАН ГУАЙДО
ФОТА: BLOOMBERG

Абмеркаванне пытання выбараў пакуль адкладзенае.

Прадстаўнікі законнага прэзідэнта Венесуэлы Хуана Гуайдо і ўзурпатара Нікаласа Мадуры прадоўжаць перамовы "для дасягнення ўзгодненай пастановы ў рамках Канстытуцыі", паведамляе dw.com.

Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка МЗС Нарвегіі Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ, распаўсюджанай у чацвер, 11 ліпеня, паводле вынікаў трэцяга раўнду дыялогу, які прайшоў на Карыбскім востраве Барбадас. Осла з траўня выступае ў ролі пасярэдніка паміж бакамі канфлікту.

Афіцыйна падрабязнасці сустрэчы не выдаюцца. Міністарка замежных справаў Нарвегіі ўдакладніла, што ўдзельнікі дыялогу "правядуць кансультацыі, каб рушыць наперад у перамовах".

Другі віцэ-спікер Нацыянальнай асамблеі Сталін Гансалес, які прадстаўляе апазіцыю, пацвердзіў гэтую інфармацыю.

Абмеркаванне пытання выбараў адкладзенае

Як адзначае агенцтва AP, наступны раўнд можа адбыцца ўжо на наступным тыдні. Суразмоўцы агенцтва паказалі, што абмеркаванне праблемнага пытання выбараў у Венесуэле было пастаноўлена перанесці бліжэй да канца перамоўнага працэсу. Апазіцыя настойвае на правядзенні датэрміновага галасавання, падкрэсліваючы, што перавыбранне Мадуры ў траўні 2018 года было незаконным.

Міністр сувязі і інфармацыі Хорхе Радрыгес, які выступаў ад асобы Мадуры, у сваю чаргу падкрэсліў імкненне бакоў развязаць супярэчнасці "канстытуцыйнымі і мірнымі сродкамі". Ён таксама падзякаваў прэм'ер-міністру Барбадаса Міу Мотлі за гасціннасць.

Пяцігадзінныя спрэчкі

Раней кіраўнік Венесуэлы адзначыў, што "прадстаўнікі бакоў вялі перамовы пяць гадзінаў". "Мне здаецца, што мы крок за крокам, кіруючыся стратэгічным цярпеннем, падрыхтуем дарогу да міру", – дадаў ён.

Барацьба за ўладу ў Венесуэле, якая перажывае глыбокі эканамічны і палітычны крызіс паміж Хуанам Гуайдо і Нікаласам Мадурам, доўжыцца ўжо некалькі месяцаў. Каля паўсотні дзяржаваў, у тым ліку Нямеччына, прызналі Гуайдо часовым прэзідэнтам. Кіраўнік Венесуэлы Мадура карыстаецца падтрымкай арміі і сілавых структураў, ягоную легітымнасць, у ліку іншых, прызнаюць Расея, Кітай і Куба.