6 траўня 2024, панядзелак, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што будзе з шэнгенскімі візамі для беларусаў?

21
Што будзе з шэнгенскімі візамі для беларусаў?

Улады не хочуць, каб грамадзяне Беларусі ехалі ў Еўропу.

Кошт шэнгенскай візы з 2 лютага 2020 года павялічыцца з 60 да 80 еўраў. Гэта вынікае з пастановы Рады Еўразвязу пра змены ў візавым кодэксе, апублікаванай у мінулую пятніцу ў афіцыйным часопісе ЕЗ, піша «Заўтра тваёй краіны».

Беларусь знаходзіцца цяпер на апошняй стадыі ў перамовах з ЕЗ датычна пагаднення аб рэадмісіі і спрашчэння візавага рэжыму. У беларускім МЗС раней заяўлялі, што спадзяюцца на падпісанне гэтых дакументаў да канца года. Падпісанне пагаднення дасць магчымасць знізіць кошт візаў для беларусаў у краіны ЕЗ да 35 еўраў.

Паводле словаў палітолага Валерыя Карбалевіча, беларускія афіцыйныя асобы і еўрапейскія чыноўнікі быццам бы аптымістычна выказваюцца пра больш танныя візы для беларусаў. Такія заявы гучаць ужо шмат гадоў, аднак выніку пакуль няма.

Развязанню пытання перашкаджае шэраг чыннікаў, мяркуе эксперт.

– Улады не вельмі хочуць, каб грамадзяне ехалі ў Еўропу, – падкрэслівае Валер Карбалевіч. – Бо любыя спосабы палегчыць беларусам магчымасць выязджаць за мяжу будуць спрыяць таму, што самая актыўная і працаздольная частка беларусаў будзе пакідаць краіну.

Улады таксама супраць таго, каб грамадзяне выязджалі на шопінг у заходнія краіны, паколькі гэта вымывае валюту з краіны і стварае праблемы са збытам беларускай прадукцыі ўнутры краіны.

Але ёсць яшчэ і палітычны чыннік, дадае эксперт.

– Беларускія ўлады не моцна хочуць, каб нашы грамадзяне бачылі, што ў Еўропе ўзровень жыцця значна вышэйшы, чым у Беларусі. Сам Лукашэнка не раз казаў, што там усё дрэнна: масавае беспрацоўе, платныя адукацыя і медыцына ў адрозненне ад нас. А людзі паедуць і ўбачаць, што на самай справе гэта далёка не так. З гэтых прычынаў беларускія ўлады не спяшаюцца падпісваць гэтае пагадненне, – мяркуе Валер Карбалевіч.

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей неаднаразова заяўляў пра зацікаўленасць беларускага кіраўніцтва ў спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў. Аднак, кажа палітолаг, рыторыка ўладаў адна, а рэальнасць іншая.

Адна з прычынаў, чаму не падпісвалася пагадненне, – гэта патрабаванне Польшчы пра павелічэнне колькасці консульскіх супрацоўнікаў у амбасадзе ў Беларусі.

– Быццам бы нявіннае патрабаванне, але чаму беларускі бок супраць? Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, улады не хочуць, каб павялічвалася колькасць выдадзеных картаў паляка, – кажа эксперт.

У той самы час, мяркуе ён, падаражанне візаў не выкліча моцнага абурэння ў саміх грамадзянаў.

– У Беларусі шмат прычынаў для незадаволенасці ўладай, і пытанне пра візы не самае галоўнае. Пакуль няма ніякіх прыкметаў таго, што беларусы пачнуць арганізоўваць пратэсты з гэтай нагоды. Паколькі грамадства маўчыць, то і ўладам не варта турбавацца, – рэзюмуе Валер Карбалевіч.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках