6 траўня 2024, панядзелак, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Столтэнберг апавёў пра новую расейскую ракету сярэдняй далёкасці

4
Столтэнберг апавёў пра новую расейскую ракету сярэдняй далёкасці
ЕНС СТОЛТЭНБЕРГ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

У зоне яе дасяжнасці знаходзяцца Берлін, Франкфурт-на-Майне і Мюнхен.

Расея павінна зрабіць усё, каб "захаваць жыццяздольнасць" Дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Упэўненасць у гэтым выказаў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг. Ягоны каментар размесціла на сваім сайце ў нядзелю, 14 ліпеня, газета Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ) (пераклад – "Нямецкая хваля").

"Расея скасавала ДРСМД і тым самым стварыла сур'ёзную пагрозу нашай бяспецы", – падкрэсліў кіраўнік NATO.

"Масква павінна выкарыстоўваць свой апошні шанец, каб выратаваць гэтае пагадненне", – дадаў ён.

"У адваротным выпадку яна будзе несці поўную адказнасць за спыненне дзеяння дамовы, у выніку якой свет стане менш стабільным для ўсіх нас", – указаў Енс Столтэнберг.

Перасоўная ракетная сістэма

Генеральны сакратар папярэдзіў, што Расея ўжо распрацавала новую ядзерную ракетную сістэму сярэдняй далёкасці і нават размесціла яе. Канкрэтнага месца базавання ён, аднак, не назваў.

"Гэта – перасоўная ракетная сістэма, яе лёгка схаваць ад сістэмаў сачэння", упэўнены Столтэнберг. "Нямецкія гарады, як Берлін, Франкфурт і Мюнхен, знаходзяцца ў зоне яе дасяжнасці", – падкрэсліў ён.

Тэрмін ультыматуму ЗША заканчваецца ў жніўні

За тры тыдні да меркаванага спынення дзеяння Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД) Еўразвяз таксама настойліва заклікаў Расею вярнуцца да захавання гэтага найважнейшага пагаднення аб раззбраенні.

Вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у вонкавай палітыцы і бяспецы Федэрыка Магерыні 14 ліпеня распаўсюдзіла заяву ад імя ЕЗ, у якой папярэдзіла пра пагрозу новага вітка гонкі ўзбраенняў.

У снежні 2018 года ЗША прыгразілі выйсці з ДРСМД, калі Расея не вернецца да выканання сваіх дамоўных абавязальніцтваў цягам 60 дзён. У Вашынгтоне і NATO мяркуюць, што Масква парушыла пагадненне стварэннем ракеты 9М729 (SSC-8 паводле класіфікацыі альянсу), здольнай праляцець больш за 500 кіламетраў. У Маскве наяўнасць такой ракеты прызнаюць, аднак сцвярджаюць, што яна не парушае дамовы. Расея не выказала намераў адмовіцца ад выкарыстання гэтых ракетаў або знішчыць іх, падкрэсліў генеральны сакратар NATO.

У пачатку жніўня мінае шасцімесячны тэрмін, які ЗША далі Расеі для ліквідацый дапушчаных ёю парушэнняў ДРСМД. У адваротным выпадку Вашынгтон канчаткова адмовіцца ад пагаднення. 3 ліпеня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон пра выхад Расеі з дамовы.

Дамова пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці была падпісаная ў 1987 годзе генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым і прэзідэнтам ЗША Рональдам Рэйганам. Ракеты сярэдняй і меншай далёкасці маюць найбольшую пагрозу для свету, паколькі здольныя дасягнуць цэлі цягам некалькіх хвілінаў і не пакідаюць спаборніку шанцаў падрыхтавацца да ўдару і адбіць яго.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках