6 траўня 2024, панядзелак, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лашарык»: Расея рыхтавалася да спаборніцтва ў марскіх глыбінях

«Лашарык»: Расея рыхтавалася да спаборніцтва ў марскіх глыбінях

Сакрэтная падлодка – інструмент ГРУ?

Першага ліпеня на борце расейскай падлодкі, якая знаходзілася ў Баранцавым моры, адбылася сур'ёзная аварыя, у якой загінулі 14 чалавек, піша фінскае выданне Helsingin Sanomat (пераклад – inosmi.ru).

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што на судне ўспыхнуў пажар, калі яно рабіла батыметрычныя вымярэнні, то-бок займалася картаграфаваннем марскога дна.

Трагічная аварыя нагадала пра замоўчванне спаборніцтва ў марскіх глыбінях.

Паводле расейскіх крыніцаў, судна «Лашарык» вядомае як звышсакрэтная падлодка. У адкрытым доступе практычна няма фатаграфій гэтай падлодкі, а яе тэхнічныя характарыстыкі і дэталі канструкцыі існуюць толькі ў форме здагадак спецыялістаў. Фатаграфіі падлодкі з'яўляюцца такой рэдкасцю, што адно іх з'яўленне становіцца навіной.

Падлодку «Лашарык» пачалі будаваць яшчэ ў 1980-я гады. Пасля распаду Савецкага Саюза будаўніцтва было прыпыненае, але пазней яго ўсё ж закончылі.

«Лашарык» – судна даўжынёй амаль 70 метраў, якое выглядае як звычайная падлодка. Мяркуецца, што пад яе абалонкай размешчаны адмысловы каркас, які складаецца з сямі злучаных адзін з адным тытанавых адсекаў. Экіпаж і тэхніка размяшчаюцца ўнутры адсекаў, кожны з якіх мае шэсць метраў у дыяметры.

Сферычная канструкцыя вытрымлівае ціск значна лепш, чым цыліндрычная. Таму «Лашарык» здольны апускацца на большую глыбіню, чым звычайная падлодка – нават на глыбіню некалькі кіламетраў.

Для чаго Расеі патрэбная такая падлодка? Судна сапраўды можна выкарыстоўваць для навуковых даследаванняў. Аднак калі б падлодка прызначалася толькі для гэтага, у краіны не было б неабходнасці ў выключнай таемнасці, якая захоўвалася цягам некалькіх гадоў. Значна больш верагодным з'яўляецца здагадка, што «Лашарык» – інструмент ГРУ, вайсковай выведкі Расеі.

Расея зацікаўленая ў атрыманні інфармацыі пра сістэму назірання на амерыканскіх падводных лодках, а таксама пра падводныя тэлекамунікацыйныя кабелі. Падводныя кабелі становяцца ўсё больш важнымі аб'ектамі.

Расейцы, верагодна, добра памятаюць пра тое, як амерыканцы кпілі з Савецкага Саюзу і праслухоўвалі яго падводныя кабелі ў гады халоднай вайны.

Акрамя таго, Расея рыхтуецца да барацьбы за Арктыку. Верагодна, «Лашарык» выкарыстоўвалі ў тым ліку і для вывучэння дна паўночных марскіх тэрыторый.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках