23 жнiўня 2019, Пятніца, 15:05
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Як «закон аб адтэрміноўцы» адбірае грошы ў ВНУ

10
Як «закон аб адтэрміноўцы» адбірае грошы ў ВНУ

У магістратуру і аспірантуру беларускія хлопцы цяпер змогуць трапіць толькі пасля войска.

Ужо сёлета ВНУ рызыкуюць страціць некалькі дзясяткаў тысячаў рублёў, якія атрымліваюць ад навучання ў платнай магістратуры, паведамляе «Радыё Свабода».

«Прапаноўвалі даваць адтэрміноўку адразу і на бакалаўрыят, і на магістратуру»

Новы «закон аб адтэрміноўцы» горача абмяркоўваюць абітурыенты, студэнты, іх бацькі і выкладчыкі.

«Я ведаю, што перад прыняццем закона з кіраўніцтвам універсітэта фармальна раіліся, – кажа намеснік дэкана аднаго з факультэтаў БДУІР. – Наш дэкан у пунктах распісаў, з чым мы не згодныя. Мы прапаноўвалі бакалаўрыят і магістратуру аб'яднаць, даваць адтэрміноўку адразу на дзве прыступкі, а таксама аспірантам. Мы таксама прапаноўвалі пасля магістратуры накіроўваць служыць нашых выпускнікоў у спецыяльную ІТ-роту, якую трэба пашырыць (бо цяперашнія 60 чалавек – гэта мізэр). Але ўсё роўна зрабілі як хацелі».

Выкладчык мяркуе, што, магчыма, у некаторых абласцях перапынак на год-паўтара не адаб'ецца на вучобе катастрафічна. Філолагі і гісторыкі, мяркуе ён, могуць чытаць кнігі і ў арміі. А вось для спецыяліста ў сферы высокіх тэхналогій страты гэтага года, а то і двух – гэта вялікі тэрмін. Пасля яго давядзецца ледзь не ўсе спачатку пачынаць.

«Большасць нашых магістрантаў сумяшчаюць вучобу з працай. Гэта значыць іх не толькі адарвуць ад студэнцкай лавы, а аддзеляць ад прафесіі. У войску дазволены толькі самы просты мабільнік і няма кампутараў», – кажа намеснік дэкана.

Выкладчык турбуецца, што пасля службы ў войску не ўсе вернуцца ў магістратуру. У выніку праз некаторы час ВНУ не будзе хапаць выкладчыкаў і даследчыкаў.

Пра фінансавы бок

Платная магістратура прыносіць вышэйшым навучальным установам істотны прыбытак. Сярэдні кошт навучання ў магістратуры на платным аддзяленні – 3 тысячы рублёў і вышэй.

Сёлета БДУІР на бюджэт на дзённае аддзяленне набірае 156 магістрантаў, на завочнае – 53. Конкурс на некаторыя спецыяльнасці (інфармацыя і тэхналогіі праграмавання, сістэмны аналіз і апрацоўка інфармацыі) – 3 чалавекі на месца.

На платнае аддзяленне мяркуюць набраць 230 магістрантаў на дзённае і 260 на завочнае. Ахвотных прадоўжыць адукацыю шмат, таму набор абяцаюць трохі павялічыць. Такім чынам, як мінімум на платным будзе вучыцца блізу 500 магістрантаў. Нават калі адняць невялікі лік дзяўчатаў, якія хочуць вучыцца ў магістратуры БДУІР, фінансавыя страты для ўніверсітэта будуць даволі істотныя, прынамсі сёлета.

Журналісты падлічылі: калі б закон быў падпісаны летась, то пад ягонае дзеянне падпалі б блізу 11,5 тысяч чалавек, у тым ліку 6,8 тысячы студэнтаў, якія навучаюцца паводле скарочанай праграмы, і 4,7 тысячы магістрантаў.

Што кажа міністр адукацыі

Сёлета вышэйшыя навучальныя ўстановы плануюць прыняць 3 тысячы чалавек у магістратуру на бюджэтную форму, у аспірантуру – крыху больш за 1 тысячы. Міністэрства адукацыі сваю афіцыйную пазіцыю выказала ў безназоўным каментары інфармацыйнаму агенцтву БелТА. Калі коратка, – «папраўкі пра адну адтэрміноўку істотна не паўплываюць на паступленне ў магістратуру і аспірантуру тых, хто матываваны да навукова-педагагічнай дзейнасці».

13 ліпеня, калі ўжо прайшлі выпрабаванні і адбывалася залічэнне ў магістратуру, міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што «магістратура – неабавязковая ступень адукацыі, яна для матываваных людзей». І ўвогуле, служба ў арміі – не перашкода ў атрыманні адукацыі, мяркуе міністр.

Што кажуць абітурыенты-магістранты

«Раніцай адкрываю сайт pravo.by, гляджу, ці апублікаваны закон»

Ігар сёлета скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, атрымаў размеркаванне ў кампанію, у якой ужо паўтара года працуе. Здаў экзамены ў магістратуру. Верагодней за ўсё, праходзіць на платнае аддзяленне. Далей хоча паступаць у аспірантуру.

«Раніцай у першую чаргу адкрываю сайт pravo.by, гляджу, ці апублікаваны закон. Спадзяюся паспець атрымаць дакументы пра паступленне ў магістратуру раней і падаць іх на яшчэ адну адтэрміноўку».

«Не хачу служыць у войску, не для таго я на выдатна вучыўся»

Арцём скончыў эканамічны факультэт БДУ ў 2016 годзе. У яго была вайсковая кафедра, таму мае вайсковае званне «лейтэнант запасу». Паводле размеркавання працуе ў банку. Сёлета надумаў паступаць у магістратуру на завочнае аддзяленне.

«У мяне цікавая праца, адукацыя нялёгка далася. Я не кажу, што вучоба на эканамічным факультэце – гэта “вырваныя гады”, але, паверце, вучыцца на выдатна і ў школе, і ва ўніверы было вельмі няпроста. Так, я шчыра кажу: не хачу я служыць у войску, не для таго, прабачце, я штаны праціраў», – кажа банкаўскі супрацоўнік Арцём.

Конкурс у магістратуру на ягоную спецыяльнасць – 2 чалавекі на месца. У аўторак здаваў комплексны экзамен у 8 тэмах. Атрымаў 10 балаў.

«Так што, мяркуйце, паступіў. Афіцыйнае залічэнне – 12 ліпеня. Трэба будзе хуценька атрымаць даведку пра паступленне ў магістратуру. Спадзяюся, што пранясе», – кажа Арцём.

«Магістратура патрэбная для кар'ернага росту»

Антон, цяперашні выпускнік факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР, ужо працуе ў ІТ-кампаніі.

«Я пра магістратуру марыў з самага пачатку вучобы. У нашай сферы гэта вельмі важна для кар'еры, ва ўсіх рэзюмэ на адукацыю звяртаюць увагу, тым больш наш факультэт мяркуецца вельмі прэстыжным. Мне магістратура і веды, якія я там атрымаю, патрэбныя менавіта для прасоўвання, для далейшага кар'ернага росту», – апавёў Антон.

Антон кажа, што з магістарскай ступенню ў IT-кампаніях больш плацяць, а фінансавае пытанне для яго важнае.

«У магістратуру ідуць людзі мэтанакіраваныя, нацэленыя на веды, на прадаўжэнне адукацыі. Так дайце ім яе атрымаць. Мне здаецца, што сваімі мазгамі я прынясу больш карысці, чым маршыруючы на вайсковых плошчах», – мяркуе Антон.