19 лiпеня 2019, Пятніца, 22:38
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Што вядома аб мянчанцы, якая загінула падчас салюту 3 ліпеня?

8

Распавядаюць муж і калега.

Падчас салюту з нагоды «дня незалежнасці» 3 ліпеня - у выніку неспадзяванага выбуху зарадаў - ад трапляння асколка ў сонную артэрыю загінула жанчына, піша nn.by.

Наталля Мікалаеўна - так клікалі загінулую - памерла на вачах дачкі. Лекары хуткай дапамогі рэанімавалі жанчыну блізу 30 хвілін, але безвынікова.

Наталлі Мікалаеўне 64 гады. Яна была на пенсіі. Раней працавала ў навучальным аддзеле аднаго з інстытутаў.

Аб трагедыі муж загінулай Юрый Іванавіч даведаўся толькі раніцай 4 ліпеня. У той вечар побач з жонкай яго не было.

«Жонка даўно не бачылася з ўнукамі, іх у нас двое - сустрэцца наважылі на свяце ў горадзе, - кажа мужчына. - Побач з жонкай была дачка. У мяне было нейкае дрэннае прадчуванне, але я тады не звязаў гэта з жонкай. Пра тое, што адбылося, мне паведамілі толькі на наступны дзень».

Таксама ён распавёў журналістам, што ягоная дачка цяпер знаходзіцца ў цяжкім псіхаэмацыйным стане.

Журналісты таксама перагаварылі з былой калегай Наталлі Мікалаеўны. Жанчыну ўспамінаюць выключна цёплымі словамі.

«Надта шкада, мы проста ў шоку, што гэта здарылася менавіта з ёй, - уздыхае Вольга Аляксандраўна, калега загінулай падчас салюту Наталлі Мікалаеўны. - Яна працавала ў нашым інстытуце больш за 10 гадоў: і ў навучальным аддзеле, і ў дэканаце. Яе любілі і калегі, і студэнты, да яе ўсе ішлі па парады.

Нават слоў не стае, каб яе ахарактарызаваць: яна перш за ўсё была добрым чалавекам і добрым работнікам. Вельмі любіла сваю сям'ю, дапамагала даччэ: на адзін год нават брала ў інстытуце дэкрэтны адпачынак, каб дачка змагла папрацаваць, а сама даглядала ўнучку.

Мы працавалі разам добрых паўтара дзясятка гадоў. Але мы не проста разам працавалі. Разам ездзілі за горад на пікнікі, на лецішча, разам гулялі ў валейбол, хадзілі ў кіно і тэатры, дзяліліся рэцэптамі і радасцю ад прыемных падзей у жыцці. Разам адзначалі святы, пяклі бліны на Масленіцу... Наталля Мікалаеўна была жыццярадаснай, безжурботнай аптымістка, заўсёды была гатова дапамагчы і падтрымаць. Нязменна далікатная, дыпламатычная, яна ўмела знаходзіць і падыход да людзей, і кампрамісы ў развязанні праблем. Яна была НАША НАТАЛЛЯ МІКАЛАЕЎНА, ёю і застанецца. Цяжка ўсвядоміць, што калега ўжо ніколі не патэлефануе... Светлая ёй памяць!»

Цырымонія развітання з Наталляй Мікалаеўнай адбудзецца 6 ліпеня.