18 жнiўня 2019, Нядзеля, 3:00
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Навукоўцы распавялі, чым адрозніваецца сон аптымістаў і песімістаў

4
Навукоўцы распавялі, чым адрозніваецца сон аптымістаў і песімістаў

Псіхалагічныя тэсты прайшлі больш як 3,5 тысячы чалавек.

Даследчыкі з Ілінойскага ўніверсітэта ва Урбане-Шампэйн (ЗША) выявілі сувязь паміж пазітыўным настроем і якасцю сну. Праца апублікаваная ў часопісе Behavioral Medicine.

"Брак здаровага сну - актуальнае пытанне аховы здароўя, бо недасыпанне звязанае з рознымі праблемамі, напрыклад развіццём атлусцення, гіпертэнзіі ды іншых смяротна небяспечных захворванняў. Аптымістычны светапогляд - перакананасць у тым, што ў будучыні ўсё будзе добра, - набывае падвышанае значэнне для прафілактыкі здаровага ладу жыцця", - падае партал Science Daily словы вядучай лекаркі даследавання, прафесара Расальбы Эрнандэс.

Эрнандэс і ейныя калегі звярнуліся да звестак даследаванні CARDIA, падчас якога ўжо больш за 30 гадоў вывучаюцца чыннікі рызыкі хвароб сэрцава-судзіннай сістэмы. Больш за пяць тысяч здаровых мужчын і жанчын, якім на момант пачатку выпрабаванняў у 1985-1986 гадах было ад 18 да 30 гадоў, перыядычна праходзяць абследаванні і запаўняюць розныя анкеты, а таксама ўдзельнічаюць у тэставаннях.

Каб вывучыць сувязь паміж светапоглядам і якасцю сну, навукоўцы вылучылі больш за 3,5 тысячы чалавек, якія праходзілі псіхалагічныя тэсты. У іх удзельнікі ацэньвалі свой ментальны стан паводле дзесяці крытэраў і паводле пяцібальнай шкалы. З вынікаў тэсту ў іх атрымлівалася сума ад шасці (найменш аптымістычна настроеныя) да 30 (найбольш аптымістычныя) балаў. Акрамя таго, паводле пяцібальнай шкалы ацэньвалася якасць і працягласць сну.

Высветлілася, што ў аптымістаў шанцы апынуцца сярод тых, хто задаволены сном, на 31 адсотак вышэйшыя, чым у песімістычна настроеных добраахвотнікаў. Акрамя гэтага, у пазітыўна настроеных удзельнікаў на 32 адсоткі больш шанцаў на паляпшэнне якасці сну ў будучыні.

Вынікі даследаванні дазволілі навукоўцам выказаць здагадку, што аптымісты з большай імавернасцю будуць актыўна пераадольваць жыццёвыя цяжкасці і паспяхова спраўляцца са стрэсам. Такі настрой дазваляе ім не турбавацца аб справах і праблемах перад сном і паўнавартасна адпачываць, мяркуюць навукоўцы.