11 траўня 2024, Субота, 6:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыкі развянчалі галоўныя міфы пра Напалеона Банапарта

15
Гісторыкі развянчалі галоўныя міфы пра Напалеона Банапарта

Вялікі карсіканец нарадзіўся роўна 250 гадоў таму.

250 гадоў, 15 жніўня 1769 года, нарадзіўся Напалеон Банапарт.

Ён быў не толькі вайсковым геніем, але і вялікім сацыяльным рэфарматарам. З’явіўшыся на пераломе эпох, Напалеон уласным прыкладам абвясціў новую мараль: кожны мае права стаць тым, кім сам здолее сябе зрабіць.

Асобы такога маштабу заўсёды абрастаюць легендамі, паведамляе ВВС.

1. Напалеон быў карантышкам

Стэрэатып настолькі ўкараніўся, што ўзнік выраз «комплекс Напалеона» - нібыта ўласцівая маленькім мужчынам гіпертрафаваная смага самасцвярджэння.

Аднак рост Напалеона быў роўны 169 сантыметрам. Сярэдні рост французскага мужчыны ў тую эпоху складаў 165 сантыметраў.

Напалеон быў на 6 сантыметраў ніжэйшы за герцага Велінгтона, які ўважаўся за надта высокага, і на 7 сантыметраў вышэйшы за адмірала Нэльсана.

Чэрчыль і Пушкін былі ніжэйшыя за Напалеона на тры сантыметры, а Сталін на чатыры, але яны карантышкамі не праславіліся.

Мянушка Напалеона «маленькі капрал», якая суправаджала яго ўсё жыццё, паўстала падчас Італійскага паходу, калі яму было ўсяго 26 гадоў. Жаўнеры мелі на ўвазе ўзрост.

Яшчэ адно пацвярджэнне нібыта нізкага росту Напалеона - знакаміты выпадак з генералам П'ерам Ажэро, якому новы камандуючы італійскага войска заявіў: «Вы вышэйшы за мяне на галаву, але калі вы не перастанеце мне грубіяніць, я ліквідую гэтае адрозненне!». Аднак Ажэро быў сапраўдны волат, аб чым згадвалі ўсе.

Адкуль жа ўзялася легенда?

МАЛЮНАК, НА ЯКІМ НАПАЛЕОН І БРЫТАНСКІ ПРЭМ'ЕР УІЛЬЯМ ПІТ-МАЛОДШЫ ДЗЕЛЯЦЬ СВЕТ, АДЛЮСТРАВАЎ ТЫПОВАЕ ЎЯЎЛЕННЕ АБ РОСЦЕ ФРАНЦУЗСКАГА ІМПЕРАТАРА
ФОТА: GETTY IMAGES

Па-першае, праз сярэднявечную блытаніну ў мерах даўжыні. Французскія фут і цаля былі крыху большыя за ангельскія. Вядомы рост Напалеона-5 футаў 2 цалі - для брытанцаў складаў не 169, а 157 сантыметраў. Далей папрацавалі карыкатурысты.

Па-другое, яе спарадзіў сам Напалеон, загадаўшы браць у гвардзейскія грэнадзёры, з якіх камплектавалася ягоная асабістая ахова, жаўнераў ростам, не ніжэйшым за 5 футаў 10 цаляў (178 сантыметраў).

Навошта? Магчыма, з той жа прычыны, з якой ён прыбраў маршалаў і ад'ютантаў у залатое шыццё і пёры, а сам насіў «шэры паходны сурдут» і простую трохвуголку. На кантрасным фоне ягоная фігура адразу прыкоўвала ўвагу, узнікаў эфект выключнасці.

2. Напалеон афранцузіў сваё прозвішча, выкінуўшы з яго літару «у»

Напалеон ніколі не быў «Буанапарце», гэтак жа як Гітлер - «Шыкльгруберам».

Прозвішча ягоных карсіканскіх продкаў было Bonaparte. Яно ж значылася ў пасведчанні аб нараджэнні будучага імператара і ў спісе кадэтаў Брыенскай вайсковай школы, дзе ён вучыўся.

Бацькі Напалеона фігуравалі ў дакументах як Buonaparte.

Але гэта не сын выкінуў літару «u» (у), а ягоны бацька дадаў дзеля падабенства з прозвішчам вядомага графскага роду з Тасканы.

3.Напалеон быў смуглявым брунетам

Фатаграфій пры ягоным жыцці не было, а на пераважнай большасці карцін і кніжных ілюстрацый ён намаляваны з чорнымі валасамі і вачыма. Корсіка, Міжземнамор'е, паўднёвая знешнасць.

Напраўду валасы ў Напалеона былі цёмна-русыя, а вочы блакітныя. Пра гэта пісалі ў мемуарах жонка маршала Жуно герцагіня д'Абрантэс і Дзяніс Давыдаў, які бачыў імператара французаў падчас перамоў з Аляксандрам I у Тыльзіце.

Да здзіўлення Давыдава, нос у Напалеона таксама не буйным і з гарбінкай, а маленькім і прамым.

На Корсіцы не так ужо мала шатэнаў і бландзінаў. Навукоўцы тлумачаць гэта захаваннем старажытных генаў ва ўмовах астраўной ізаляцыі.

4. Напалеон адбіў нос вялікаму сфінксу ў Гізе, загадаўшы страляць па ім з гармат

Пра гэта распавядаюць турыстам егіпецкія гіды. Але шматлікія малюнкі і апісанні даводзяць, што сфінкс пазбавіўся носа значна раней. Прычынай, хутчэй за ўсё, сталі вецер і рэзкія ваганні тэмпературы паветра.

Напалеон не мог даць такога загаду, бо цаніў спадчыну Старажытнага Егіпта і, фактычна, паклаў пачатак яго сістэматычнаму вывучэнню. У паход ён узяў вялікую групу даследчыкаў розных спецыяльнасцяў, падабраных французскай акадэміяй.

Калі паходную калону аднойчы раптам атакавалі турэцкія кавалерысты-мамлюкі, Напалеон пракрычаў легендарную каманду «аслоў і навукоўцаў у сярэдзіну!».

5. Імператар французаў гаварыў па-французску з акцэнтам

А вось гэта дакладна. У сям'і ягоных бацькоў гаварылі па-італійску.

Напалеон валодаў шырокімі ведамі ў многіх галінах і быў таленавіты, калі не геніяльны, амаль ва ўсім - акрамя моў. У школе цярпець не мог латынь. У юнацтве спрабаваў вывучыць нямецкую, а на востраве Святой Алены ангельскую, але не быў паспяховым.

Французскай ён, вядома, авалодаў, але ад акцэнту не пазбавіўся да канца жыцця - як Кацярына II і Сталін.

6. Напалеон прасіў жонку не мыцца

І гэта праўда. Захавалася ягоныя пісьмы з Італіі: «Спяшаюся з усіх сіл. Не мыйся».

Фраза паўстала нездарма, бо Жазэфіна Багарне была даслоўна памешаная на чысціні і прымала ванну вельмі часта.

Калі ў Гішпаніі да Напалеона аднойчы прывялі для ўцех нейкую маладую прыгожую даму, ён яе выставіў, бо тая моцна надушылася дарагой парфумай.

Пры гэтым сам ён, на ўспаміны камердынера Канстанта, увесь час карыстаўся добрым адэкалонам.

7. «Залаты абоз» Напалеона

Існуе легенда, што Напалеон падчас адыходу з Расеі затапіў у Сямлеўскім возеры пад Вязьмой вывезеныя з Масквы скарбы: залатыя манеты і зліткі, царкоўнае начынне, ювелірныя вырабы, і нават крыж са званіцы Івана Вялікага.

НАПАЛЕОН БАНАПАРТ НА АРКОЛЬСКІМ МОСЦЕ, КАРЦІНА МАСТАКА АНТУАНА-ЖАНА ГРО
ФОТА: GETTY IMAGES

Возера даследавалі неаднаразова, апошнім разам у 1979 годзе з прыцягненнем вадалазаў, але нічога не знайшлі.

Адзінай крыніцай інфармацыі аб скарбе з'яўляюцца апублікаваныя ў 1824 годзе мемуары генерала Піліпа дэ Сегюра, адкуль яна перавандравала ў біяграфію Напалеона, напісаную Вальтэрам Скотам.

Аднак, энтузіясты прадаўжаюць верыць у існаванне скарбу: таўшчыня пласта глею на дне Сямлеўскага возера дасягае 16 метраў, а ў вадзе зафіксаванае падвышанае ўтрыманне іёнаў срэбра.

8. Напалеона атруцілі ангельцы

Напалеон памёр у 51 год. У ягоных валасах і ў шпалерах пакояў на востраве Святой Алены былі выяўленыя сляды мыш'яку, што спарадзіла версію аб падступным забойстве.

Аднак у часы Напалеона мыш'як выкарыстоўваўся і ў медыцыне, і ў прамысловасці нашмат шырэй, чым цяпер. Параўнанне валасоў Напалеона з валасамі іншых людзей той эпохі паказала больш ці менш аднолькавае ўтрыманне мыш'яку - прыкладна ў сто разоў вышэй, чым у сучасных людзей.

На думку медыкаў, якія вывучылі апісанні сімптомаў, Напалеон памер ад раку страўніка.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках