19 сакавiка 2024, aўторак, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская АЭС - пагроза новага Чарнобыля

61
Беларуская АЭС - пагроза новага Чарнобыля

Астравецкая АЭС, якую будуе Расея, - гэта патэнцыйная ядзерная бомба.

Калі ў 1997 годзе была апублікаваная "Чарнобыльская малітва" Святланы Алексіевіч, яна не прыцягнула асаблівай увагі. Толькі пасля таго, як аўтарка атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры і ейныя кнігі сталі перавыдаваць, Чарнобыль стаў больш прыкметным у свеце, як кніга, і як глабальная катастрофа, якая адбылася на тэрыторыі былога СССР.

Алексіевіч распавядае гісторыю невыносных пакут людзей пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Ейная кніга - гэта заклік не дапусціць паўтарэння такой тэхнагеннай катастрофы.

Серыял НВО "Чарнобыль", які стаў сусветнай сенсацыяй, паказвае нам жахлівую карціну функцыянавання сістэмы, пры якой адбываюцца такія катастрофы, і якая затым хавае свае памылкі, прыносячы ў ахвяру чалавечыя жыцці.

Галоўны герой серыяла "Чарнобыль" - "таварыш Хлусня", сімвал усёй сістэмы і яе функцыянераў. На ўсіх узроўнях Савецкага камуністычнага рэжыму, у тых выпадках, калі праўда магла выратаваць жыцці людзей, выбар рабіўся на карысць хлусні.

Хлусілі з нагоды ідэалогіі і савецкіх дасягненняў у галіне навукі і тэхнікі. Хлусілі пра бяспеку тэхналогій і хавалі праўду пра буйныя аварыі. А калі праўда ўсплывала на Захадзе (дзе ж яшчэ?), хлусілі пра маштабы шкоды.

Больш таго, хлусілі адзін аднаму, калегам, хлусілі ў сем'ях.

Хлусня такая ж небяспечна, як і радыяцыя, і яе таксама спачатку не разглядзець.

Чарнобыль усё яшчэ з намі, яго наступствы будуць адчуваць тысячы (!) пакаленняў. Перыяд паўраспаду плутонію-239, выкід якога адбыўся ў Чарнобылі, складае больш за 24 тысячы гадоў. Наступствы катастрофы ўсё яшчэ жахаюць. Ні ў СССР, ні ў незалежных дзяржавах, якія ўтварыліся пасля яго раскідання, - Беларусі, Украіне, Расеі, - не было прынята адпаведных захадаў у сувязі з радыеактыўным забруджваннем тэрыторый. Нават бетонны саркафаг, які ўзвялі для таго, каб спыніць распаўсюджванне радыяцыі, можа ў кожны момант абрынуцца. Яго трэба дэмантаваць, што таксама пагражае сур'ёзнымі праблемамі.

Нягледзячы на небяспеку ў мінулым, сучаснасці і будучыні ядзерных установак такога тыпу на тэрыторыі Беларусі, якая больш за ўсіх пацярпела ад радыеактыўнага забруджвання, будуецца яшчэ адзін патэнцыйны Чарнобыль.

Больш за тое, узводзяць яго тыя ж "спецыялісты" з "Расатама", якія стварылі і ўвялі ў эксплуатацыю атамную электрастанцыю (АЭС) у Чарнобылі, праводзілі там экспэрыменты, якія і прывялі да трагедыі.

Пытанне тут не ў АЭС. Такія ўстаноўкі бяспечна функцыянуюць у многіх краінах свету. Пытанне ў тым, што "таварыш хлусня" вярнуўся ва ўсёй сваёй пачварнай "красе" як у Расеі, якая адказвае за будаўніцтва новай АЭС, так і ў Беларусі, дзе рэжым Лукашэнкі, не лічачыся з воляй людзей, ахвотна даў тэрыторыю Беларусі для чарговага небяспечнага расейскага ядзернага эксперыменту.

Ні ў Расеі, ні ў Беларусі няма свабоды прэсы, якая магла б забяспечыць кантроль за будаўніцтвам і яго адпаведнасцю стандартам і нормам. Ні ў Беларусі, ні ў Расеі няма празрыстасці ў пытаннях, якія турбуюць людзей.

Крэмль ужо некалькі разоў ківаў, што можа ўжыць ядзерную зброю ў Еўропе. Расея парушыла Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці паміж былым СССР і ЗША, у выніку чаго Дамова перастала дзейнічаць.

Магчымасць ядзернай аварыі ля межаў Еўрапейскага Звязу – мае такую ж пагрозу, як і патэнцыйнае выкарыстанне ядзернай зброі. Месца для будаўніцтва расейскага ядзернага аб'екта было абрана як мага далей ад Расеі і як мага бліжэй да межаў Еўрапейскага Звязу, на мяжы з Літвой, за 50 км ад яе сталіцы, Вільні.

На тэрыторыі Расеі ўжо адбывалася аварыйнае адключэнне рэактараў таго тыпу, які прызначаны для Беларусі. Аварыйныя сітуацыі з яшчэ не ўстаноўленым рэактарам былі зафіксаваныя і на тэрыторыі Беларусі. З інфармацыі, якая пранікла ў прэсу, яго пашкодзілі падчас транспартавання і ці то адрамантавалі, ці то замянілі.

Аварыі адбываліся і на ядзерных устаноўках, на якіх выкарыстоўваюцца рэактары таго ж тыпу (ВВЭР - вода-вадзяны энэргетычны рэактар). У ліпені гэтага года тры з чатырох энергаблокаў на Калінінскай АЭС былі адключаныя праз кароткае замыканне. Усяго за тыдзень да гэтай аварыі праз неназваную няспраўнасць быў адключаны энергаблок Белаярскай АЭС.

Нам невядомыя сапраўдныя факты: ад нас хаваюць праўду, таму што і ў Менску, і ў Маскве ва ўладзе заселі спадчыннікі савецкай сістэмы. Палітыка хлусні нікуды не знікла.

Амаль два гады спатрэбілася заходнім спецыялістам для таго, каб высветліць, што загадкавае радыеактыўнае воблака, заўважанае ў Еўропе ў кастрычніку 2017 года, утварылася ў выніку выкіду ў атмасферу вялікай колькасці рутэнія-106 на расейскім перапрацоўчым прадпрыемстве "Маяк", якое знаходзіцца на Паўднёвым Урале. Крэмль адмаўляў тое, што здарылася і хлусіў аб характары аварыі.

Пуцін сцвярджаў, што падлодка "Курск" проста патанула, Лукашэнка сцвярджаў, што яго палітычныя апаненты, якіх забіў рэжым, проста ўцяклі.

Адзін з герояў серыяла "Чарнобыль" кажа, што выбух на рэактары адбыўся праз... хлусню.

Будаўніцтва АЭС у Астраўцы парушае некалькі міжнародных пагадненняў і канвенцый, аднак міжнародная супольнасць гэтага не заўважае. Ніводнай еўрапейскай дзяржаве, акрамя Літвы, да гэтага няма справы.

Астравецкая АЭС, якую будуе Расея, - гэта патэнцыйная ядзерная бомба, якую тэхналагічна будзе кантраляваць Крэмль (яшчэ і аб'ект для кібератак). Масква ставіць мэтай яшчэ больш прывязаць Беларусь да Расеі і скарыстацца АЭС для пагрозы суседнім краінам. АЭС не мае нічога агульнага з энэргетычнай бяспекай Беларусі, наадварот, яна робіць Беларусь больш уразлівай і ўзмацняе яе залежнасць ад Крамля.

Серыял НВО, магчыма, з'яўляецца папярэджаннем, якое заклікае спыніць гэтае вар'яцтва на тэрыторыі Беларусі, якая панесла вялікія страты пасля катастрофы ў Чарнобылі. Яшчэ не позна, як заяўляе Літва, і гэта будзе лепш, чым потым бегаць у пошуках лічыльнікаў Гейгера.

PS. Калі гэты тэкст быў напісаны і гатовы да публікацыі ў Расеі 8 жніўня адбылася новая ядзерная катастрофа.

Няўдалыя выпрабаванні крылатай ракеты ў Белым моры ў раёне Архангельска, як мяркуецца "Буравеснік" (паводле класіфікацыі NATO - SSC-X-9 Skyfall), на якую У.Пуцін ускладае вялікія надзеі ў сваім супрацьстаянні з ЗША, прывялі да выбуху, пры якім загінулі пяць навукоўцаў-ядзершчыкаў.

Міжнародныя экспэрты сцвярджаюць, што адбылася буйная аварыя, якая прывяла да дваццаціразовага падвышэння ўзроўню радыяцыі ў Северадзвінску.

Крэмль, згодна традыцыі, спачатку хаваў інфармацыю пра выбух, затым хлусіў пра яго наступствы.

Гэтая катастрофа лішні раз пацвярджае, наколькі небяспечны Пуцін з ядзернай зброяй і Лукашэнка, які марыць яго займець, не толькі для сваіх краін і народаў, але і для ўсяго свету і міжнароднай бяспекі.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", UPNORTH (Канада)

Пераклад: Charter97.org

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках