19 красавiка 2024, Пятніца, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады не змаглі да 1 ліпеня ўсюды падняць сярэднія заробкі да $200

10
Улады не змаглі да 1 ліпеня ўсюды падняць сярэднія заробкі да $200

Уладам не ўдалося выканаць «амбіцыйны» план.

Да 1 ліпеня падняць на ўсіх прадпрыемствах сярэднія заробкі да 400 рублёў. Да канца чэрвеня па ўсёй краіне налічвалася 6 арганізацый, на якіх не змаглі падняць сярэднія «палучкі» да гэтай сумы. Пра гэта tut.by паведамілі ў Мінпрацы. Пры гэтым больш за траціну прапаноў па працы (амаль 35 тысяч), якія цяпер размешчаныя ў рэспубліканскай базе вакансій, - з заробкам да 400 рублёў.

Нагадаем, у канцы траўня першы віцэ-прэм'ер Аляксей Турчын заявіў, што да 1 ліпеня ў краіне не павінна застацца прадпрыемстваў з сярэднім заробкам менш за 400 рублёў. Пры гэтым плаціць заробак менш за гэтую суму, на яго думку, недапушчальна. А ў 2020 годзе ўрад мае намер узяцца за прадпрыемствы з заробкам менш за 500 рублёў.

Так, у студзені-лютым гэтага года ў Беларусі налічвалася 250 арганізацый з сярэднім заробкам менш за 400 рублёў, паведамілі ў Мінпрацы са спасылкай на звесткі Белстата. Для параўнання: у студзені-сакавіку колькасць такіх арганізацый скарацілася да 207, у студзені-траўні - да 87, у студзені-чэрвені - да 50.

«Сярод рэгіёнаў найбольшая колькасць арганізацый з узроўнем сярэдняга заробку менш за 400 рублёў у студзені-чэрвені налічваецца ў Віцебскай вобласці - 46% ад агульнай колькасці, - удакладнілі ў ведамстве. - Пры гэтым паводле вынікаў чэрвеня такіх арганізацый у рэспубліцы засталося 6». Дарэчы, у статыстыцы ўлічваюцца арганізацыі з сярэдняй колькасцю працоўных за год ад 16 чалавек усіх формаў уласнасці, акрамя малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці, некамерцыйных арганізацый - юрыдычных асоб без ведамаснай падпарадкаванасці з сярэдняй колькасцю за год 16-100 чалавек, грамадскіх арганізацый.

У Мінпрацы тлумачаць, што знізіць колькасць прадпрыемстваў з сярэднім заробкам ніжэй 400 рублёў атрымалася праз «павышэнне эфектыўнасці дзейнасці гэтых арганізацый, у тым ліку за кошт прыняцця захадаў для паляпшэння паказчыкаў фінансава-эканамічнай дзейнасці, нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, тавараў, пашырэння рынкаў збыту і аптымізацыі выдаткаў». Пры гэтым рост заробкаў, як адзначаюць у ведамстве, суправаджаўся адпаведным ростам прадукцыйнасці працы.

Раней у Мінпрацы распавялі пра праблему, якая можа перашкодзіць усюды падняць сярэднія заробкі да 400 рублёў - некаторыя наймальнікі недаплачваюць работнікам да мінімалкі.

Міністр эканомікі Дзмітрый Круты раней адзначаў, што большасць прадпрыемстваў з заробкамі да 400 рублёў знаходзяцца ў камунальнай уласнасці.

- Гэта прамая зона адказнасці старшыняў райвыканкамаў і, на вялікі рахунак, іх персанальны KPI на бягучы год, таму што гэта найважнейшая сацыяльная задача ў цэлым для раёна і для тых людзей, якія ў гэтых арганізацыях занятыя. Зразумела, што заробак 400 рублёў пры наяўнасці сям'і, дзяцей - гэта недапушчальна нізкі, крытычны ўзровень, і такога проста быць не павінна, - казаў раней Дзмітрый Круты.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках