19 сакавiка 2024, aўторак, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяўчынка з залатым пеналам

71
Дзяўчынка з залатым пеналам
ІРЫНА ХАЛІП

Чаму ў рэгіёнах адной краіны базавы набор тавараў да 1 верасня так адрозніваецца?

Часам мне здаецца, што нас ужо нічым не здзівіць. Ні дэкрэтамі, ні ўказамі, ні ініцыятывамі. Варта каму-небудзь з чыноўнікаў ці тых, хто спачувае толькі пачаць казаць - а мы ўжо ведаем усё, што яны скажуць падчас свайго дакладу. Мы стомленыя і перанасычаныя іх маразмам. Мы ўсе пра іх ведаем. Мы глядзім пагардліва на тых, хто яшчэ здзіўляецца і абураецца: нічога вы пра жыццё не ведаеце, хлопцы. Здаецца, што нават калі ўсе чыноўнікі пойдуць па вуліцах Менска голымі скакаць самбу - мы і гэтаму ўжо не здзівімся. Але потым яны раптам што-небудзь скажуць ці зробяць - і ўсё, мы зноў хапаем паветра ротам, не ў стане нармальна ўдыхнуць, і скрозь удушша шэпчам «але ж так не бывае...». А яно - бывае.

Афіцыйныя прафсаюзы ў сераду правялі пасяджэнне экспэртнай рады па пытаннях коштаў і тарыфаў. Рада гэтая была створаная ў траўні з ініцыятывы тых жа прафсаюзаў, з прыцягненнем Нацбанка, Міністэрства гандлю і Белстату. Яны няўцямна тлумачылі, што разам будуць эфектыўна кантраляваць кошты. Напраўду задача гэтага трухлявага зборышча - сачыць, каб дзе-небудзь што-небудзь раптам не было таннейшым. Сачыць, каб усё было аднолькава дорага, і каб усім беларусам было аднолькава кепска.

У сераду экспэртная рада абмяркоўвала выдаткі сярэднестатыстычнай беларускай сям'і на падрыхтоўку дзіцяці да школы. Прафсаюзныя арганізацыі ва ўсёй краіне займаліся маніторынгам коштаў тавараў, патрэбных для школьніка. У паведамленні прэс-службы афіцыйных прафсаюзаў нават пералічваецца гэты набор тавараў: «пінжак, камізэлька, гарнітур-двойка і тройка, спартыўны гарнітур, чаравікі, кеды, красоўкі, кашуля і блуза з доўгім і кароткім рукавом, канцылярскія і пісьмовыя прылады для вучняў розных узроставых груп – адным словам, нічога лішняга».

Шчыра скажам, не проста нічога лішняга, а нават таго-сяго не стае: пачынаючы ад зменнага адзення і абутку (дзе вы бачылі школьніка з адной кашуляй?) і заканчваючы "бацькі, здаём на лінолеум!». Дык вось, пільныя дзяржаўныя прафсаюзнікі высветлілі, што менскія бацькі выдаткоўваюць на збор дзіцяці ў школу больш, чым жыхары Берасцейскай вобласці.

Менчукам, да прыкладу, дачка-старшакласніца перад 1 верасня каштавацьме 1192 рублі, а жыхарам райцэнтра Берасцейскай вобласці –744 рублі. І прафсаюзны кіраўнік Міхаіл Орда абураецца: чаму так? Што за розніца ў коштах? Чаму ў рэгіёнах адной і той жа краіны базавы набор тавараў да 1 верасня так адрозніваецца? Астатнія ўдзельнікі гэтага зборышча цокаюць языкамі і дамаўляюцца «падагнаць» усе кошты, каб у Менску і ў Кобрыне усё гэта каштавала тыя ж грошы. І розніца ў коштах - гэта адзінае, што ім усім здалося няправільным.

1192 рублі. Амаль 600 даляраў, каб адправіць у школу Менскую старшакласніцу. І ніякай рэакцыі ні ў прафсаюзнікаў, ні ў сытых мінгандляроў ды нацбанкіраў. Паколькі я ўсяго два дні таму вярнулася з адпачынку, то на ўсялякі выпадак спачатку падумала, быццам нешта прапусціла. За гэты час, напэўна, адбыўся эканамічны скачок, і заробкі зраўняліся з еўрапейскімі. А інакш як растлумачыць, што 600 даляраў - норма на сарафанчык-чаравікі-сшыткі, і ніхто з чыноўнікаў не абураецца, а Лукашэнка не пагражае неадкладна пасадзіць вінаватых? Усе спакойныя і адкрыта называюць такія лічбы - значыць, дакладна прапусціла момант пачатку росквіту. Аднак афіцыйная статыстыка паведаміла, што сярэдні заробак у Беларусі цяпер складае 1080 рублёў. Менш, чым сабраць у школу тую ўмоўную дзяўчынку.

Я пачала пытацца знаёмых, якія жывуць у розных краінах, ад Польшчы да ЗША, колькі выдаткоўваюць на экіпіроўку школьніка яны. Адказ быў - ніколькі. Некаторыя адказныя мамы, праўда, напружваліся і ўспаміналі куплю нататніка са смешным малюначкам на просьбу дзіцяці. І ўсё. Многія наогул не зусім разумелі, пра што я пытаюся. Так што пра лінолеум і шафкі, на якія павінны збірацца бацькі школьнікаў, я ўжо і не спрабавала пытацца, баючыся, што міжкультурнае неразуменне можа стаць фатальным. Зрэшты, і без лішніх пытанняў усё зразумела.

Так што, калі ласка, грамадзяне чыноўнікі і іх прафсаюзныя прадстаўнікі, не прамаўляеце нічога ўголас. Хавайцеся са сваімі экспэртнымі парадамі, калегіямі і камісіямі пад коўдру, уключайце ліхтарык і кажаце ціхім шэптам, каб мы ўжо сапраўды нічога не пачулі. А то ж несправядліва атрымліваецца: няславіцеся вы, а сорамна нам. За ўласнае шматгадовае трыванне – вельмі сорамна.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках