5 траўня 2024, Нядзеля, 6:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Новасібірскім цэнтры вірусалогіі «Вектар» адбыўся выбух

9
У Новасібірскім цэнтры вірусалогіі «Вектар» адбыўся выбух

«Вектар» валодае адной з самых поўных у свеце калекцый небяспечных вірусаў.

Пад Новасібірскам у дзяржаўным навуковым цэнтры вірусалогіі «Вектар», які валодае адной з самых поўных у свеце калекцый небяспечных вірусаў, адбыўся выбух, паведамляе «Радыё Свабода».

Як паведамілі ў Расспажыўнаглядзе, на пятым паверсе шасціпавярховага лабараторнага корпуса падчас рамонтных прац выбухнуў газавы балон, пасля чаго ўзнік пажар на плошчы 30 квадратных метраў. Цяпер агонь ліквідаваны. Пацярпеў адзін рабочы. З апёкамі другой і трэцяй ступені ён дастаўлены ў лякарню.

У Расспажыўнаглядзе падкрэслілі, што ў памяшканні, дзе адбыўся выбух, не было біялагічна небяспечных рэчываў. Пры гэтым у будынку навуковага цэнтра выбітыя ўсе шыбы.

У сваю чаргу, мэр навуковага гарадка Кальцова, дзе размешчаны «Вектар», заявіў, што на момант рамонту лабараторны корпус па прызначэнні не выкарыстоўваўся. Мікалай Краснік удакладніў, што выбух адбыўся пры падрыхтоўцы да фарбавальных прац і таксама запэўніў, што пагрозы біялагічнай небяспекі няма.

Дзяржаўны навуковы цэнтр «Вектар» быў заснаваны ў 1974 годзе. Ён з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Расеі навукова-вытворчых комплексаў, якія вядуць фундаментальныя даследаванні ў галіне прыродазнаўчых навук. У 1970 - 1980-я гады ў цэнтры вялася распрацоўка біялагічнай і бактэрыялагічнай зброі, а таксама сродкаў абароны ад яе.

Таксама «Вектар» сабраў унікальную калекцыю культур мікраарганізмаў - дарэчы, гэта адно з двух месцаў у свеце, дзе захоўваецца вірус воспы. У цэнтры захоўваецца і вірус ліхаманкі Эбала. Цяпер «Вектар» уваходзіць у структуру Расспажыўнагляда.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках