14 кастрычнiка 2019, панядзелак, 17:25
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Анкета настаўніцы з партай: «Люблю вясёлых, актыўных дзяцей»

22
Анкета настаўніцы з партай: «Люблю вясёлых, актыўных дзяцей»
ФОТА: TUT.BY

Педагог пасля скандальнай гісторыі са звальненнем і аднаўленнем не жадае размаўляць з прэсай.

У грамадстве прадаўжаюць кіпець жарсці вакол гомельскай «настаўніцы з партай», якая брыдка вылаялася на вучня 4-га класа. Нагадаем, пасля відэа ў інтэрнэце Людмілу Чацвярткову звольнілі паводле артыкула, а неўзабаве на гэтую тэму жорстка выказаўся Лукашэнка. Ён загадаў вярнуць настаўніцу, а звольніць адразу шэсць чыноўнікаў з пераводам на іншую працу: начальніка галоўнай управы адукацыі аблвыканкама, начальніка ўправы адукацыі гарвыканкама, намесніка кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна, начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі і дырэктара той самай школы №15...

Акрамя таго, строгае папярэджанне атрымалі прэм'ер-міністр Сяргей Румас, кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава, віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. А міністр адукацыі Ігар Карпенка папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці. Вымову атрымалі яшчэ тры гомельскія чыноўнікі.

Адноўленая на працы Людміла Іванаўна пакуль не хоча гутарыць з прэсай. Журналісты kp.by пагаварылі пра яе з дзецьмі і бацькамі, а таксама знайшлі анкету настаўніцы, якую яна пакідала ў інтэрнэце. Вось што ў ёй напісана:

- Нарадзілася 15 красавіка 1963 года. Настаўніца вышэйшай катэгорыі. Лета праводжу на лецішчы. Люблю займацца садоўніцтвам і кветкаводствам, захапляюся ландшафтным дызайнам. Вельмі люблю прыроду ва ўсякую пару года. Стаць настаўніцай марыла з малодшага школьнага ўзросту. Люблю вясёлых, актыўных і дапытлівых дзяцей. Рэгулярна здзяйсняем паездкі з дзецьмі па культурна-гістарычных мясцінах Беларусі.

Думкі ў школе пра Людмілу Іванаўне розныя. Напрыклад, адзін з бацькоў, які прасіў не называць ягонага імя, распавядаў, што ягоны сын, калі вучыўся ў Чацвяртковай, прыходзіў дадому з патрапанымі вушамі, сіняком, скардзіўся, што настаўніца груба з імі абыходзіцца. А адзін з вучняў, Вадзім, сказаў, што Людміла Іванаўна яму падабаецца:

- Добра, зразумела ўсё тлумачыла. Яна не была занадта строгай і не брыдкасловіла. А аднойчы мяне да сябе дадому забірала, каб дадаткова пазаймацца.

Большасць жа апытаных бацькоў кажуць, што корань праблемы - у перагружанасці школы. Яна знаходзіцца на самым краі горада, але нядаўна побач пабудавалі велізарны новы мікрараён, куды засялілі маладыя сем'і. А другой школы побач няма.

- Калі ў класах па 32 вучні, як можна ўсіх навучыць чамусьці, падтрымліваць дысцыпліну? У кожнага псіхіка не вытрымае! - упэўненыя бацькі.

Пасля гэтага здарэння яны спадзяюцца, што ўлады, усё ж выдзяляць грошы на новую школу ў мікрараёне.