16 кастрычнiка 2019, Серада, 6:23
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі бактэрыю, якая дзейнічае як алкаголь

7
Навукоўцы знайшлі бактэрыю, якая дзейнічае як алкаголь

Кітайскія навукоўцы патлумачылі рэдкае захворванне – не выпіў ні кроплі спіртнога, а адчуваеш сябе п'яным.

Выявілася, што віной усяму можа быць кішачная бактэрыя Klebsiella pneumonia, піша «360». А хвароба называецца «сіндром унутранага бровару».

Недасведчанаму чалавеку можа падацца, што вельмі добра было б напіцца без алкаголю - вялікая эканомія! Выявілася, што ў свеце ёсць такія людзі - іх арганізм сам выпрацоўвае алкаголь, этанол. Такая хвароба вядомая як сіндром кішачнай ферментацыі, сіндром унутранага бровара або сіндром аўтабраджэння - ён узнікае праз празмернае ўтрыманне пэўных бактэрый у кішачніку чалавека.

У 2015 годзе СМІ сталі актыўна пісаць пра Мэцью Хога - выявілася, што ён пакутаваў на сіндром унутранага бровара больш за 20 гадоў! Праблемы пачаліся раптам - у падлеткавым узросце. Мэцью быў руплівым вучнем, марыў пра навуковую кар'еру, прафесійна займаўся спортам і быў душой кампаніі. Але ягонае жыццё раптам змянілася.

Хог пачаў адчуваць стан алкагольнага ап'янення і такія сімптомы як хранічная стомленасць, мышачны боль, галаўныя болі, псіхічныя парушэнні, парушэнні настрою і многае іншае.

Былі ў жыцці яшчэ нядаўна паспяховага падлетка і «безалкагольныя пахмеллі», звычайна яны наступалі на раніцу пасля ўжывання ежы з высокім утрыманнем вугляводаў.

«Знясільвалі галаўныя болі, млоснасць, часам ваніты, абязводжванне, сухасць у роце, халодны пот, і дрыготкія рукі. Было такое пачуццё як быццам я папярэдняй ноччу выпіў увесь бар, хоць ніякага алкаголю я не ўжываў», - распавёў ён выданню Vice.

У выніку жыццё Хога пайшло пад адхон - яму давялося кінуць спорт, бо найменшыя фізічныя нагрузкі прымушалі яго адчуваць млоснасць. У каледжы ён таксама не змог вучыцца доўга, бесперапынны стан ап'янення значна пагоршыў прадукцыйнасць мозгу. Многія сябры таксама не змаглі зразумець, што Мэцью не спіўся, а хворы.

Калі Хог даведаўся, што ён не адзіны ўладальнік непрыемнага алкагольнага дыягназу, прайшло ўжо 20 гадоў, жыццё было пражытае напалову. І Мэцью стварыў партал пра малавывучаныя хранічныя захворванні - The Environmental Illness Resource - каб іншыя людзі маглі даведацца, што яны не самотныя і своечасова звярнуцца па дапамогу.

Тлумачэнне гэтаму стану знайшла амерыканская даследчыца і дэкан факультэта навук аб здароўі і доглядзе за хворымі аднаго тэхаскага каледжа Барбара Кордэл яшчэ ў 2010 годзе - у арганізме амерыканца, які звярнуўся да лекараў, было выключна высокае ўтрыманне дражджэй. Як вядома, дрожджы пры закісанні здольныя выпрацоўваць алкаголь - гэтай уласцівасцю карыстаюцца півавары. Для вытворчасці этанолу дражджавыя грыбкі выкарыстоўваюць вугляводы. Пагоршыць сітуацыю можа працяглы прыём антыбіётыкаў, бо яны могуць ствараць спрыяльную для закісання мікрафлору. Але чаму менавіта ў людзей з'яўляецца дзіўная хвароба, пакуль растлумачыць ніхто не можа.

Кітайскія навукоўцы падазраюць, што гэтая бактэрыя - Klebsiella pneumonia, бо яна здольная павышаць узровень утрымання алкаголю ў крыві. Версія Барбары Кордэл у выпадку з кітайскім пацыентам выявілася нежыццяздольнай - ягоныя аналізы не паказалі павышанага ўтрымання дражджэй у арганізме.

Рэальных лекаў ад сіндрому ўнутранага бровару не існуе, але пацыентам з такімі сімптомамі рэкамендуюць безвугляводную дыету. Так можна пазбавіць грыбок крыніцы выпрацоўкі этанолу, хоць нават гэты ход не зможа пазбавіць чалавека ад хваробы цалкам.