26 лютага 2020, Серада, 13:31
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

«А я нават і не ведала, што ён буйны бізнэсовец...»

16
«А я нават і не ведала, што ён буйны бізнэсовец...»

Што вядома пра забітага ў Гародні бізнэсоўца?

Забойства ўплывовага бізнэсоўца Аляксандра Прасняка сталася шокам для гарадзенцаў і адразу выклікала некалькі версій: ад расейскага следу да помсты з эканамічных матываў.

Аляксандр Прасняк быў забіты ў ноч на 15 студзеня каля свайго катэджа ў вёсцы Чэхаўшчыне недалёка ад Гародні. Усю ноч і на наступны дзень на месцы злачынства працавалі следчыя і супрацоўнікі міліцыі: апытвалі суседзяў, шукалі довады, піша «Белсат».

ФОТА: «БЕЛСАТ»

«У нас так не робяць»

Навіна пра забойства стала шокам як для жыхароў горада, так і для жыхароў Чэхаўшчыны, дзе жыў забіты бізнэсовец:

«У нас так не робяць ужо даўно, вы што? - разгублена паціскае плячыма адзін з жыхароў пасёлка, які папрасіў не называць ягонага імя. - У нас і «браткоў» няма ўжо даўно. Калі камерсант які не падабаецца, то яго «закрываюць». А каб забіваць... Можа, з Расеі хто. Там жа дагэтуль галовы адкручваюць, як у 90-я. А мажліва, і адпомсціў яму хто...цяжка сказаць. Прыкметны быў чалавек. Хай следчыя разбіраюцца».

ФОТА: «БЕЛСАТ»

У катэджы разам з Аляксандрам жыла ягоная сужыцелька. Зусім побач, праз паркан, жыве суўладальнік фабрыкі Ігар Грышын. На катэджы Грышына ўсталяваныя камеры назірання, якія, паводле следства, зафіксавалі момант забойства.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

«Коска», крыкі ля возера і шмат нерухомасці

Па мерках Гародні Аляксандр Прасняк - мясцовы алігарх. Адзін з заснавальнікаў пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», уладальнік нерухомасці. У вялізным гмаху фабрыкі на вул. Маставой у самым цэнтры Гародні апошнім часам здавалі памяшканні і кавярням, і рэстарацыям, і аддзяленням банкаў, і спартовым клубам.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Швейная вытворчасць адтуль была перанесеная ў іншы гмах - будынак фабрыкі «Элод», якая займаецца жаночай вопраткай. Сама вытворчасць і фірмовая крама займаюць другі паверх вялізнага будынка, астатнія памяшканні здаюцца.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Вядома таксама, што Аляксандр Прасняк цікавіўся усходнімі практыкамі і часам паводзіў сябе даволі экстравагантна. Насіў коску (за што атрымаў нават мянушку «касічка»), выходзіў да возера каля дома ў адных трусах, рабіў зарадку і практыкаванні голасам: са слоў суседзяў, «крычаў каля возера».

ФОТА: «БЕЛСАТ»
ФОТА: «БЕЛСАТ»

«А я нават і не ведала, што ён буйны бізнэсовец...»

Цікава, што прапісаны Прасняк быў у невялікім драўляным доміку яшчэ даваеннай пабудовы на вуліцы Міцкевіча. Яго добра памятаюць суседзі, але пра забойства яны яшчэ нічога не чулі.

«Сашу забілі? Паверыць не магу... - кажа жанчына, якая жыве ў суседнім доме больш за 40 гадоў. - Ён часта прыязджаў сюды. Нават нядаўна яго бачыла. Тут жыве ягоная маці: яна хворая, не выходзіць ужо з дому. Прывозіў ёй ежу, лекі. А бацька яго даўно ўжо памёр. А я нават і не ведала, што ён буйны бізнэсовец...»

Па факце забойства распачатая крымінальная справа. Следчы камітэт будзе адпрацоўваць кантакты Аляксандра Прасняка - як асабістыя, так і прафесійныя.