18 траўня 2024, Субота, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі дагэтуль не наступіла кліматычная зіма

4
У Беларусі дагэтуль не наступіла кліматычная зіма

2019 год аказаўся самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў у Беларусі.

Сіноптыкі распавялі Onliner, што ў цэлым 2019 год аказаўся самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў у Беларусі - гэта з 1881 года. Сярэдняя тэмпература паветра на тэрыторыі краіны склала плюс 8,8 градуса, гэта на 2,1 градуса вышэй за кліматычную норму. Папярэдні тэмпературны рэкорд быў пабіты ў 2015 годзе.

- Усе месяцы, за выключэннем студзеня і ліпеня, былі цяплейшыя, чым звычайна. Летась на працягу ўсяго студзеня нават утрымлівалася снежнае покрыва, - усміхаюцца сіноптыкі. - Увесь ліпень таксама быў халодным - гэта ўсе мы памятаем. Астатнія месяцы былі цёплымі - на працягу года рэгістравалася вельмі шмат рэкордаў дня і месяца, асабліва пачынаючы з верасня. Восень выдалася асабліва цёплай.

Нягледзячы на тое, што ліпень быў халаднейшы за звычайны, самым гарачым у годзе стаў першы дзень гэтага месяца. 1 ліпеня 2019-га на Брагінскай метэастанцыі паветра прагрэлася да плюс 36,4 градуса. А потым пахаладала.

- Увесь летні сезон быў цяплейшы, чым звычайна. Па рэспубліцы было адзначана ад 26 да 54 дзён з тэмпературай вышэй за 25 градусаў - гэта вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні. А вось колькасць гарачых дзён (з тэмпературай вышэй за 30 градусаў. - Заўвага.) склала ад двух да дваццаці дзён, хоць звычайна рэгіструецца ад аднаго да шасці такіх дзён, - паведамілі ў Белгідрамеце.

Кліматычнае лета летась доўжылася чатыры месяцы - з сярэдзіны траўня да сярэдзіны верасня. А вось кліматычная зіма ў Беларусі не наступіла дагэтуль - пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра не прайшоў праз нуль градусаў у бок пахаладання. Усё гэта з анамальна цёплым надвор'ем.

- Снежань мінулага года быў адным з самых цёплых - ён заняў другое месца за гісторыю метэаназіранняў. Да гэтага самым цёплым лічыўся снежань 2006 года. Але ў 2019-м сярэдняя тэмпература першага зімовага месяца склала 1,9 градуса цяпла. Гэта на 5,2 градуса вышэй за кліматычную норму.

За 2019 год у Беларусі выпала 576 міліметраў ападкаў - гэта 89% ад кліматычнай нормы. Красавік стаў самым сухім месяцам у годзе - у сярэднім па краіне выпала 7 міліметраў ападкаў, або на 82% менш за норму. Гэта самы сухі красавіка за пасляваенны перыяд. Самым дажджлівым быў ліпень.

Інфармацыя па сонечных днях у снежні ў Белгідрамета з'явіцца прыкладна праз месяц.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках