21 лютага 2020, Пятніца, 16:09
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Рыгор Жукаў: Я хачу вынесці вотум недаверу Пуціну

3
Рыгор Жукаў: Я хачу вынесці вотум недаверу Пуціну
Рыгор Жукаў
ФОТА: РІА НОВОСТИ

У аўтарытарнай краіне Асноўны закон - гэта не Канстытуцыя.

Адусюль чуваць, быццам сваімі папраўкамі Уладзімір Пуцін паклаў пачатак новай палітычнай рэальнасці. Гэта, вядома, не так, піша расейскі апазіцыйны актывіст Рыгор Жукаў у сваім Telegram-канале.

Новая Канстытуцыя не будзе лепшай за ранейшую, як і ранейшая не была лепшай за новую. Таму што ў аўтарытарнай краіне Асноўны закон - гэта не Канстытуцыя, а воля аўтакрата. Не зусім маюць рацыю аналітыкі, якія сцвярджаюць, што папраўкі ўзмоцняць ўладу Пуціна. На паперы - так. Але, сябры, расейскі прэзідэнт ужо не абмежаваны нічым, акрамя ўласных жаданняў. Менавіта гэта і дазваляе яму перабудоўваць палітычную сістэму па пстрычцы пальцаў.

Таму для мяне «ўсенароднае галасаванне», якое пройдзе, імаверна, 12 красавіка, не будзе мець увогуле ніякага дачынення да Канстытуцыі. Гэта значыць, наогул зусім ніякага. Я не выкарыстоўваю тэрмін «канстытуцыйны пераварот», каб апісаць дзеянні прэзідэнта. Я не хачу спрачацца пра тое, які ж з варыянтаў Канстытуцыі лепшы: стары або новы. Гэта бессэнсоўныя размовы. У Расеі няма ніякага закону, акрамя Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна.

І я хачу сказаць «не» Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну.

Я хачу сказаць «не» карупцыі, якая ператварае маю Радзіму ў брудны пад'езд на задворках чалавецтва. Я хачу сказаць «не» рэпрэсіям, якія з'ядаюць самых найлепшых і светлых з нас. Я хачу сказаць «не» створанай дзяржавай абстаноўцы, якая ператварыла нас у нацыю, што развучылася браць на сябе адказнасць, развучылася кахаць.

Я хачу вынесці вотум недаверу Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну. Гэта я і зраблю на «ўсенародным галасаванні».

Мне ўсё адно, у што нашы, даруй Божа, улада заможных хоча ператварыць гэта галасаванне. Яны самі не разумеюць, якой крыніцай бедстваў абернецца для іх іхняя ж задума. Цяпер усё зразумела, нібы летні дзень: больш няма патрэбы ў цяжкіх электаральных стратэгіях, больш няма неабходнасці галасаваць за тых, хто табе агідны. Ёсць толькі «Так» і «Не».

Улада не зможа прымусіць мяне думаць, быццам гэта галасаванне - пра змяненне Канстытуцыі. Ды не. Дзень галасавання стане днём, калі грамадзяне пакажуць, што яны нарэшце сталі самастойнымі і што «бацька нацыі» ім больш не патрэбны. Вось тады новая палітычная рэальнасць сапраўды наступіць.

І апошняе.

Спадар прэзідэнт, калі вы думаеце, што ў апазіцыі няма плана дзеянняў, спяшаюся вас знерваваць. Stay tuned, спадар прэзідэнт, stay tuned.