11 траўня 2024, Субота, 3:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Колькі людзей сёння ўспамінаюць яго»

4
«Колькі людзей сёння ўспамінаюць яго»
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Жыццё Валерыя Шчукіна было суцэльнай барацьбой.

Не верыцца, што не будзе больш Валерыя Шчукіна... У канцы 90-х ён быў заўсёды наперадзе калоны дэманстрантаў. Калі кагосьці затрымлівалі, судзілі, то ў спісах быў Шчукін. Не было ў горадзе ніводнага мянта, які не ведаў бы яго ў твар.

Многія апазіцыянеры спрачаліся з ім, прычынай таму яго камуністычныя погляды, абвінавачвалі ў кансерватызме.

Шчукін быў частым госцем у маім доме. Дні нараджэння, іншыя святы. Заўсёды жартавалі за сталом, што я сяджу паміж двума падвойнымі цёзкамі - Валерыем Аляксеевічам Фадзеевым і Валерам Аляксеевічам Шчукіным. Аднойчы Шчукін прыйшоў на 20 хвілін раней прызначанага часу, калі я ў паніцы насілася, каб накрыць стол. Кажу: «Ой, вось банка ікры, а масла ж няма!». Шчукін пабег у «Дары прыроды» праз дарогу. Была такая крама каля кінатэатра «Мір».

Тут ужо астатнія госці сталі збірацца. Адкрылі ікру і тут прыходзіць Шчукін і падае пачак. Разгортваю ярка-зялёную фольгу ў кветачкі і бачу кавалак далікатна ружовага колеру з мацнейшым пахам... Сунічнае мыла.

- Што гэта?

- Як што? Масла. Фруктовае. Я падумаў: «А чаго ўласна браць менавіта сметанковае? Гэта ж арыгінальней будзе»

В.А. Фадзееў зарагатаў: «Ну хто пасля гэтага будзе дакараць Шчукіна ў тым, што ён кансерватар? Шчукін экперыментатар».

Узгадваюцца нейкія смешныя гісторыі чамусьці.

Але...Мая сяброўка Таня Вардомская была ягоным адвакатам. Яна часта спрачалася з ім. Адчытвала пасля працэсу: «Я вам што сказала? Вы навошта гэта выдалі? Хто вас прасіў?!!». Часам у сэрцах казала: «А сэнс вас абараняць? Вы ж зноў пачняце гнуць сваю лінію. І толку, што я тут з вамі дамовілася?». Але ўсё прадаўжалася. І аднойчы Таня перад Новым годам паляцела на адпачынак і ў першы ж дзень там...памерла...

Прыйшлі калегі ў рытуальную залу. Усе былі ў шоку ад таго, што такая яскравая паспяховая жанчына нечакана пайшла з жыцця. Абвясцілі грамадзянскую паніхіду. Усе маўчаць. І тут прыйшоў Шчукін. Многія яго крадком разглядалі. Ён пачаў гаварыць. Спачатку зусім ціха, а пасля і ўголас і...усе заплакалі...Такіх цёплых слоў і столькі падзякі я ніколі не чула.

Жыццё Валерыя Шчукіна была суцэльнай барацьбой і пераадоленнем цяжкасцяў. Гэта ён дамогся, каб на Акрэсціна пачалі выконваць хоць нейкія правілы. Гэта ён дамогся, каб у СІЗА пачалі лячыць зубы. Гэта ён сказаў мянтам, што сам на Акрэсціна не пойдзе і яны яго насілі...

Колькі людзей сёння ўзгадваюць яго. І ўсе толькі добрым словам. Светлая памяць!

Любоў Лунёва, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках