14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крычалі, нібыта разабраў вадамёт і лецішча Балабы падпаліў»

48
«Крычалі, нібыта разабраў вадамёт і лецішча Балабы падпаліў»

Адвакатка і родныя расказалі пра жорсткае затрыманне ўладальніка кветкавай крамы ў Менску.

Раніцай 13 кастрычніка жорстка затрымалі аднаго з уладальнікаў сталічнай кветкавай крамы «Першая кветкавая» Максіма Харошына. Мужчына, падобна, моцна збіты – з РУУС яго адправілі ў лякарню для медыцынскай дапамогі.

Пра гэта tut.by паведамілі чытачы, інфармацыю пацвердзіла ягоная жонка Кацярына.

Паводле словаў жанчыны, яе мужа затрымалі блізу 8.30 раніцы, калі муж і жонка разам выйшлі з дому і садзіліся ў машыну. Да машыны падбеглі чацвёра невядомых.

– Адкрылі дзверы, заламалі рукі мне і Максіму, паклалі яго на зямлю. Мяне з заламанымі за спіну рукамі пасадзілі ў машыну, стаялі два аўто на паркоўцы з 6-м рэгіёнам (нумарамі Магілёўскай вобласці. – Заўвага TUT.BY). У машыне мне сказалі апусціць галаву і не глядзець. Абшуквалі нашу машыну блізу 15 хвілінаў. Забралі пашпарт яго, усе рэчы.

На пытанне жанчыны, хто яны такія, невядомыя адказалі, што яны «з міліцыі». Паводле ейных словаў, у іх была зброя – пісталеты. Кацярыну завезлі за кут, высадзілі без ключоў ад машыны і тэлефона, а таксама паведамілі, што аўтамабіль з Максімам паехаў у Першамайскі РУУС. Дзяўчына знайшла свайго мужа там, аднак неўзабаве яго адправілі ў шпіталь – з яе словаў, праз сур'ёзныя траўмы. У РУУС Кацярыне паведамілі, што яе муж быў затрыманы ў рамках адміністрацыйнага працэсу паводле артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

– Максіма мы ўбачылі ў РУУС у жудасным стане, цалкам збітым, ён быў увесь у крыві, ледзь ішоў – яго пад рукі вялі двое медыкаў. Ён нават слова не мог вымавіць, – расказала жонка.

Як паведаміў брат Кацярыны, Глеб, нос яе мужу, хутчэй за ўсё, разбілі пры затрыманні – на месцы затрымання была лужына крыві. Калі Максіма білі і далей – а з ягонага выгляду сваякі выказалі здагадку, што ў яго ёсць і іншыя, акрамя зламанага носа, траўмы, – то гэта было «альбо па дарозе ў РУУС, альбо непасрэдна там», кажа Глеб.

Адвакатка Максіма Харошына Юлія Леванчук расказала, што прыехала з усімі неабходнымі дакументамі ў Першамайскі РУУС, аднак у дзяжурнай частцы адмаўляліся паведаміць месцазнаходжанне яе кліента, а таксама спачатку не давалі Кнігу заўваг і прапановаў, каб пакінуць скаргу (аднак пасля ўсё ж яе далі).

Паводле словаў адвакаткі, сярод траўмаў Максіма ацёк унутраных органаў, ацёк машонкі, падазрэнне на пералом у галіне галёнкі, шматлікія раны, у мужчыны «цалкам адбіты ўвесь левы бок». Кліент, з яе словаў, паведаміў адвакату, што яго білі дубінкамі і нагамі пры затрыманні, але там разбілі толькі нос, а асноўнае збіццё адбывалася менавіта ў РУУС.

– Крычалі, кажа, што ён нібыта разабраў вадамёт, лецішча Балабы (Дзмітрый Балаба з'яўляецца камандзірам АМАПа ГУУС Менгарвыканкама. – tut.by) падпаліў і гэтак далей. Але ні з аднога афіцыйнага дакумента гэты чалавек у РУУС не лічыўся затрыманым. Яны цяпер, цалкам магчыма, з'явяцца. На момант, калі я была ў РУУС і ўдакладняла ўсю інфармацыю, ён не быў затрыманы, і мне казалі, што ён не ўтрымліваецца ў Першамайскім РУУС, – заявіла адвакатка.

Максім Харошын з'яўляецца суўладальнікам кветкавай крамы «Першая кветкавая», а таксама, як расказала ягоная жонка, ён дарыў кветкі жанчынам падчас іх акцый пратэсту і сам удзельнічаў у мірных маршах.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках