10 траўня 2024, Пятніца, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы імкнёмся да той Беларусі, дзе кожны можа свабодна выказвацца, як і належыць паводле Канстытуцыі»

8
«Мы імкнёмся да той Беларусі, дзе кожны можа свабодна выказвацца, як і належыць паводле Канстытуцыі»
АЛЕНА ЛЕЎЧАНКА
ФОТА: ЖЭНЯ КАНАПЛЁЎ, ЮЛІЯ ЛЕЙДЗІК

Цытаты гераіні беларускіх пратэстаў, баскетбалісткі Алены Леўчанкі.

Топавая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка стала адным з яркіх сімвалаў беларускай рэвалюцыі.

Партал tut.by сабраў смелыя цытаты з нядаўніх інтэрв'ю спартоўкі, дзе яна выказвалася пра сітуацыю ў краіне, несвабоду і стаўленне да мірных акцый пратэсту ў Беларусі.

Пра законы і беззаконне

У цэнтры Еўропы ў ХХI стагоддзі адбываецца такое, ад чаго краіну вызвалялі дзяды і прадзеды. Упэўненая, многія беларусы не могуць паверыць у гэта.

Ніхто не можа зразумець прыроду такой жорсткасці сілавікоў. Улада карыстаецца старымі метадамі - рэпрэсаваць, запалохаць, пабіць. Каб чалавек схаваўся ў нару і сцішыўся. Толькі на такое і здольныя. Але дух не забіць. Гэта ўжо зусім іншы народ.

Пра законы ўспамінаюць толькі тады, калі трэба апраўдаць беззаконне. Калі нельга арыштаваць, прыкрываюцца «несанкцыянаваным мерапрыемствам», хоць кожны чалавек, паўтаруся, мае права на мірны пратэст. А як пакараць вінаватых за насілле - няма закона.

Пра салідарнасць і захапленне беларусамі

ФОТА: ЗМІЦЕР БРУШКА, TUT.BY

Часам хочацца проста крычаць. І ўсё адно трэба захоўваць моц, вытрымку. Думаю, беларусы яшчэ самі не да канца ўсведамляюць, наколькі моцныя.

Я гуляла ў многіх краінах, і адтуль мне пішуць людзі, якія захапляюцца салідарнасцю беларусаў. Нават тыя ж расейцы. Іх уражваюць менавіта мірныя пратэсты, на якія мы маем права і паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і паводле хартыі ААН.

Сёння наш народ як ніколі згуртаваны, падтрымка ідзе з усіх бакоў. Відаць у тым ліку і ад спартоўцаў. Гэта дапамагае рухацца далей, дорыць надзею і надае сіл. Толькі так можна працягваць і ўжо не прасіць, а патрабаваць, каб нас пачулі.

Тое, што мы разам, павінна аб'ядноўваць нас яшчэ больш. Каб рухацца, трэба выстаяць. І цяжкія сітуацыі толькі загартоўваюць. Калі самі праваахоўнікі, не пратэстоўцы, разбілі шыбу ў кавярні, на наступны дзень там з'явілася чарга з ахвотных купіць філіжанку кавы. Падтрымаць і дапамагчы. Проста няма слоў, я ў фантастычным захапленні. Толькі разам мы можам зрабіць нашу краіну такой, якой бачым - вольнай, незалежнай і прыгожай.

Пра плюралізм і свабоду

Нас проста хочуць штучна падзяліць. Звярніце ўвагу: на мірных маршах пераважае нацыянальная сімволіка, але праскоквае і дзяржаўная, а хтосьці для раўнавагі нясе і той, і іншы сцяг. Людзі з гэтай нагоды не лаюцца, не кідаюцца адзін на аднаго. Мы адзін народ, бо ў нас ва ўсіх скралі галасы, цяперашняя ўлада аднолькава здзекуецца з нас і ні ў што не ставіць. А паспрабуйце уклініцца ў шэрагі тых, хто ідзе калонай «за Лукашэнку». Аблаюць, зняважыць і выганяць. Вось і ўсё, што трэба ведаць пра плюралізм меркаванняў.

У кожнага чалавека ёсць сваё меркаванне, сваё сумленне, і ён павінен на гэтыя рэчы абапірацца. Бо мы імкнёмся да той Беларусі, дзе кожны можа свабодна выказвацца, як і належыць паводле Канстытуцыі. Не адчуваць прыгнёт і страх. Але гэтыя пачуцці прыгнёту і страху нам прышчэпленыя ад нараджэння. Мы жывём з імі, яны частка нас. Напэўна, калі б праводзіліся міжнародныя спаборніцтвы ў гэтым тыпе «спорту», то беларусы здабылі б медалі.

Маўчаць, не гаварыць пра тое, што адбываецца, я, прабачце, не магу. Сумленне не дазваляе. Мяне бацькі так выхавалі. Немагчыма назіраць за несправядлівасцю, якую я да таго ж бачу кожны дзень. Магчыма, хтосьці можа дыстанцыявацца і яму добра спіцца нават з такім грузам. На жаль, а можа, і на шчасце, асабіста ў мяне не атрымліваецца захоўваць спакой. На шчасце, ёсць велізарная падтрымка ад простых людзей, заўзятараў, калег, родных. Дзякуючы гэтаму мы ўсе трымаемся.

Нагадаем, што Алена Леўчанка атрымала 15 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Арышт баскетбалісткі выклікаў хвалю салідарнасці ў беларускім грамадстве.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках