11 траўня 2024, Субота, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАК вывучыць выкананне Беларуссю Алімпійскай хартыі

1
МАК вывучыць выкананне Беларуссю Алімпійскай хартыі

Выканкам арганізацыі прыняў пастанову пра дбайнае расследаванне.

Міжнародны алімпійскі камітэт занепакоены сітуацыяй у спартыўнай супольнасці Беларусі ў святле рэпрэсій у дачыненні да атлетаў. Узначалены Лукашэнкам НАК Беларусі запэўніў, што выконвае Алімпійскую хартыю, паведамляе dw.com.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) мае намер больш старанна вывучыць, як Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі выконвае Алімпійскую хартыю. Такую пастанову выканкам МАК прыняў у пятніцу, 23 кастрычніка, атрымаўшы прамежкавую справаздачу пра сітуацыю спартоўцаў у Беларусі. Беларускі бок раней запэўніваў, што цалкам выконвае хартыю.

МАК зноў выказаў занепакоенасць сітуацыяй у спартыўнай супольнасці Беларусі. Выканкам арганізацыі працягне назіраць за тым, што адбываецца напярэдадні летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе і зімовай Алімпіяды-2022 у Пекіне. Камітэт «адкрыты да атрымання любой інфармацыі што да дыскрымінацыі спартоўцаў паводле палітычных поглядаў», падкрэслілі ў МАК.

У той жа дзень у Лазане, дзе знаходзіцца штаб-кватэра МАК, прайшла акцыя пратэсту. Дэманстранты неслі банер з надпісам «Чэмпіёны не гуляюць з дыктатарамі» і бел-чырвона-белыя сцягі. У завяршэнне акцыі пратэстоўцы перадалі прадстаўнікам камітэта ліст з заклікам расследаваць факты дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да беларускіх спартоўцаў і прыпыніць фінансаванне нацыянальнага камітэта Беларусі.

Удзельнікі Свабоднага аб'яднання спартоўцаў Беларусі SOS BY ў пачатку кастрычніка напісалі ліст прэзідэнту МАК Томасу Баху (Thomas Bach). Са слоў аўтараў, у Беларусі спартоўцы, нязгодныя з палітыкай уладаў, падпадаюць пад рэпрэсіі з боку дзяржаўных органаў, у тым ліку міністэрства спорту і Нацыянальнага алімпійскага камітэта, які ўзначальвае Аляксандр Лукашэнка.

Складальнікі дакумента прывялі ў прыклад пераслед 22 беларускіх атлетаў, а таксама арышт знакамітай баскетбалісткі Алены Леўчанкі.

Пратэсты ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта

У Беларусі ўжо 2,5 месяца не цішэюць масавыя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Выступы грамадзян, якія бароняць свае галасы і перакананыя ў фальсіфікацыі вынікаў галасавання, спыняюцца АМАПам і спецназам. Сілавікі пры разгоне дэманстрантаў не раз выстаўлялі беспрэцэдэнтную жорсткасць. Адна з лідарак апазіцыі Святлана Ціханоўская выставіла Лукашэнку Народны ультыматум з патрабаваннем не пазней за 25 кастрычніка абвясціць пра свой сыход у адстаўку, цалкам спыніць гвалт на вуліцах і вызваліць усіх палітвязняў.

Еўрапейскі Звяз у кастрычніку ўвёў санкцыі ў дачыненні да 40 чыноўнікаў з Беларусі за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў. Сярод іх - кіраўнік МУС Беларусі і яго намеснікі, а таксама ўвесь склад ЦВК.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках