8 траўня 2024, Серада, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зорка беларускай оперы выйшла на паклон з бел-чырвона-белым сцягам

4
Зорка беларускай оперы выйшла на паклон з бел-чырвона-белым сцягам

Маргарыта Ляўчук прысвяціла выступ спартоўцам Беларусі.

Беларуская оперная спявачка Маргарыта Ляўчук прысвяціла свежы выступ у Літоўскай нацыянальнай оперы беларускім спартоўцам. Пасля выступу пад авацыі гледачоў Ляўчук выйшла на паклон з бел-чырвона-белым сцягам, паведамляе «Трыбуна».

А пазней спявачка выклала фота з кіраўніцай Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандрай Герасіменяй.

Выступ у гонар спартоўцаў – не першае прысвячэнне ад Маргарыты. Яна ўжо адзначыла ў сваіх выступах працоўных Беларусі і лекараў краіны. А ўвогуле на выступах Ляўчук пануе ўнікальная атмасфера – артысты пасля спектакля паказваюць жэсты падтрымкі, а гледачы скандуюць «Жыве Беларусь!» з залы.

Маргарыта Ляўчук – мабыць, самая вядомая «класічная» выканаўца Беларусі наўпрост цяпер. Яна вядомая і паспяховым удзелам у расейскім шоу «Вялікая опера», і ўдзелам у еўрапейскіх пастаноўках, і чатырохгадовай службай у беларускім Вялікім тэатры. Але ў сакавіку 2020-га Ляўчук звольнілася адтуль. «Выдатны творчы калектыў. Але кіраўніцтва... Увесь час не пакідала адчуванне, што я знаходжуся ў савецкім тэатры пачатку 50-х гадоў. Вельмі закасцянелы падыход да працы, вельмі не хапала волі. А я не хачу жыць у сістэме. Я спяваць хачу», – тлумачыла спявачка.

З пачатку перадвыбарчай кампаніі Ляўчук не заставалася ўбаку. У чэрвені пасля нерэгістрацыі кандыдатамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы і гвалту ў чарзе ў краму symbal.by, якая зачынялася пад ціскам сістэмы, спявачка эмацыйна выказалася пра здарэнне: «Сэрца баліць за маю Радзіму. Я пакутую і не ведаю, што магу зрабіць асабіста, каб у маёй краіне не было міліцэйскага гвалту. Улады, міліцыя, суды больш не ахоўваюць свой беларускі народ, яны захоўваюць рэжым. Мне балюча і брыдка адначасова».

З рэшты кандыдатаў Ляўчук падтрымала Святлану Ціханоўскую. Перашкодай гэтаму не стала нават зробленая Святланай у выступе па ТБ недакладнасць – Ціханоўская надумала нагадаць пра страту працы вядомымі людзьмі за нязгоду з рэжымам і ў шэрагу пацярпелых (дзе была і гімнастка Меліціна Станюта, якой давялося сысці з дзяржТВ) назвала Ляўчук, якая адказала, што звольнілася з уласнага жадання. Нягледзячы на гэта, у пачатку жніўня оперная дзіва выступіла на легальных мітынгах кандыдаткі ў роднай Берасцейскай вобласці – спявала і знаёмыя песні Лявона Вольскага, і Ave Maria.

Дарэчы, яшчэ да гэтага, у канцы чэрвеня, Маргарыта запісала дуэт з Вольскім у рамках праекта «Спяваем годна» – атрымалася сапраўды годна.

Пасля выбараў Ляўчук як магла падтрымлівала беларускі народ і не раз станавілася ўдзельніцай пратэставых акцый. «Калі б мне хто год таму сказаў, што я буду хадзіць з бел-чырвона-белым сцягам і крычаць “Жыве Беларусь!”, я б не паверыла. Але ўжо вясной мяне шакавала тое, што адбываецца ў краіне, тое, як дзяржаўныя СМІ падаюць навіны, спачатку звязаныя з эпідэміяй каранавірусу, потым з выбарчай кампаніяй. Нашы бабулі казалі, што будуць галасаваць за Лукашэнку, абы вайны не было. Але тое, што адбывалася 9–11 жніўня, ніяк па-іншаму не назавеш», – сказала Маргарыта.

Не так даўно Ляўчук зрабіла кавер на галоўны хіт беларускай восені – «Шчучыншчыну».

А яшчэ адно відэа з Ляўчук значна больш сур'ёзнае. Маргарыта выступіла ў кампаніі іншых дзеячаў культуры – яны нагадалі пра Народны ўльтыматум, абвешчаны Святланай Ціханоўскай. Выконваць ягоную галоўную ўмову – сыход Аляксандра Лукашэнкі, – роўна як і астатнія, улада відавочна не збіраецца. Таму ў відэа заклікалі супрацоўнікаў дзяржустановаў не выйсці на працу 26 кастрычніка, «знішчыўшы ў сабе раба», а калі гэта немагчыма (усё ж экстранныя прафесіі таксама адносяцца да дзяржсектару) – даць знак падтрымкі ініцыятывы. Людзей творчасці ж заклікалі не праводзіць ніякіх мерапрыемстваў на заказ, а ўвогуле ўсіх – адмовіцца ад наведвання культурных установаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках