Джо Байдэн назваў Расею галоўнай пагрозай для ЗША
14- 26.10.2020, 12:38
- 13,183
Кітай жа ён уважае за сур'ёзнага канкурэнта.
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн уважае Расею за галоўную пагрозу краіне на сусветнай палітычнай арэне. Пра гэта палітык заявіў у нядзелю, 25 кастрычніка, у інтэрв'ю тэлеканалу CBS, паведамляе "Нямецкая хваля".
"Я думаю, што самая вялікая пагроза для ЗША ў плане парушэння нашай бяспекі і нашых хаўрусаў - гэта Расея", - сказаў Байдэн у праграме "60 хвілін". У тым жа інтэрв'ю былы віцэ-прэзідэнт ЗША заявіў, што "Пуцін стараецца з усіх сіл" распаўсюдзіць дэзінфармацыю пра яго. Кітай жа Байдэн ён назваў самым сур'ёзным канкурэнтам для сваёй краіны.
Што тычыцца дзейнага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, то, на ягоную думку, галоўнай пагрозай для ЗША ў свеце з'яўляецца менавіта Кітай. "Яны - праціўнікі, яны - канкурэнты, яны - у многіх аспектах ворагі", - цытуе словы Трампа аб Кітаі агенцтва dpa. Акрамя іншага, Трамп ускладае на КНР адказнасць за распаўсюд каранавіруса на планеце і называе сам вірус "кітайскім".
Стаўленне Трампа да Расеі супярэчлівае. З аднаго боку, на думку амерыканскіх спецслужбаў, Расея магла быць датычнай да таго, каб з дапамогай хакерскіх нападаў на кампутары ў штабе спаборніцы Трампа на выбарах 2016 года Хілары Клінтан дапамагчы яму быць выбраным. З іншага боку, урад Трампа наклаў на Расею цэлы шэраг санкцый.