Сяргей Навумчык: Калі страйкоўцы не ўступяць у перамовы з Лукашэнкам, яны могуць перамагчы
22- 26.10.2020, 12:41
- 35,353
Улады хочуць уцягнуць рабочых у «перамоўны працэс».
У красавіку 1991 года, калі пачалася ўсебаковая забастоўка і на другі дзень на першае месца выйшлі палітычныя патрабаванні (адстаўка пракамуністычнага Вярхоўнага Савета), страйкоўцы мелі нядрэнныя шанцы дамагчыся сваіх мэтаў, піша ў сваім Telegram-канале беларускі журналіст і палітык Сяргей Навумчык. Гэта стала зразумела, калі працоўныя Воршы селі на рэйкі, і рух па найважнейшых чыгуначных магістралях еўрапейскай часткі СССР спыніўся.
У тыя дні адна частка страйкаму выступала за страйк да поўнай перамогі, другая - за перамогу праз спалучэнне забастоўкі і перамоваў з уладамі. Уцягнуць рабочых у дыскусіі і перамовы, як потым выявілася, было галоўнай мэтай кіраўніцтва ЦК КПБ. У выніку, былі ўзнятыя заробкі і зніжаныя кошты, ніводнага палітычнага патрабавання задаволена не было, а праз нейкі час кошты паднялі яшчэ больш.
Відавочна, што такая ж тактыка абраная ўладамі і цяпер. На прадпрыемствы ўжо пайшлі прадстаўнікі адміністрацыі і штатныя «ідэолагі». Не выключана, што ў перамовы ўступіць і сам Лукашэнка.
Поспех цяперашніх страйкоўцаў будзе залежаць не столькі ад маштабу забастоўкі, колькі ад таго, ці ўдасца страйкоўцам не паддавацца на ўгаворы і перамовы да выканання галоўнага патрабавання - адстаўкі Лукашэнкі.