11 траўня 2024, Субота, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэсты лідараў

6
Пратэсты лідараў

Яны з намі, а мы з імі, і разам мы пераможам!

«У Беларусі ў пратэстаў няма лідараў». Такое ходкае меркаванне мусіруецца што журналістамі, што аналітыкамі, што палітыкамі з-за мяжы. На мой погляд, для гэтага (думкі, а не пратэстаў) ёсць некалькі прычынаў:

– рэўнасць палітыкаў, асабліва тых, хто хацеў бы кіраваць, а не атрымліваецца;

– нежаданне прызнаваць той факт, што ў Беларусі ёсць лідары, ёсць лідары нацыянальнага маштабу, ёсць моцныя лідары;

– поўнае неразуменне беларускай сітуацыі, якое вылілася ў здзіўленне маштабнасцю пратэстаў супраць «моцнага гаспадарніка», які для нас заўсёды быў забойцам.

Вось і задумаўся я: а ці сапраўды пратэсты без лідараў?

Стаў лічыць.

Калі налічыў больш за сотню лідараў, спыніўся, зразумеўшы, як іх шмат. І кожны дзень з'яўляюцца новыя.

Вось вам толькі трое з гэтых сотняў:

Ніна Багінская

Вядомая ўсяму свету сваёй бясстрашнасцю, непахіснай верай у сваю Беларусь, нашу Беларусь.

Маленькая Ніна – гэта супергераіня Беларусі з тых, самых крутых блокбастараў, у якіх гарылападобныя монстры разлятаюцца ў бакі ад аднаго толькі погляду ваяра дабра. Ніна і сцяг – гэта як Артэміда і лук са стрэламі. А вы памятаеце, што Артэміда-паляўнічая яшчэ і заступніца ўсяго жывога?

Я горача падтрымліваю вылучэнне Ніны Багінскай на Нобелеўскую прэмію міру, і мяркую, што на сёння лепшых прэтэндэнтаў проста няма.

ЮРЫЙ КОРЗУН

Машыніст шахтавага камбайна сёмага разраду рана ранкам 10 верасня прыкаваў сябе кайданкамі і жалезным ланцугом да абсталявання ў шахце на глыбіні 305 метраў. Шахцёр патрабаваў адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту і арыштаў у краіне.

Праз некалькі гадзінаў адданыя дыктатару супрацоўнікі рудніка разрэзалі ланцуг і сілком вывелі Юрыя з шахты. Паспрабавалі схаваць у псіхушку.

У Корзуна найвышэйшы разрад і вельмі добры заробак, ён проста хоча жыць у вольнай краіне. Як кажа ён сам: «Заўсёды быў апалітычны, але цяпер не магу заставацца ўбаку».

ЛЕНА ЛЕЎЧАНКА

Самая знакамітая баскетбалістка Беларусі. Тытулы яе пералічваць – месцы на старонцы не хопіць. Для прыхільнікаў баскетболу досыць сказаць, што Лена была прызнаная найлепшай цэнтравой чэмпіянату свету 2010 года.

Бліскучая міжнародная кар'ера, якая далася няпроста, а часам нават з рызыкай для жыцця і здароўя, як у Кітаі.

А яшчэ Лена дапамагала гомельскім лякарням у разгар пандэміі, маштабы якой злачынная ўлада старанна хавала.

Вялікія спартоўцы – гэта моцныя асобы, і таракана цярпець не маюць намеру. І маўчаць не маюць намеру.

Паглядзіце на твары гэтых прыгожых людзей. Немагчыма адарвацца, настолькі яны прыгожыя, цікавыя, блізкія. Яны для нас родныя.

Яны з намі, а мы з імі, і разам мы абавязкова пераможам!

Жыве Беларусь!

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках