2 траўня 2024, Чацвер, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гаварылі паміж сабой, што ад мяне трэба пазбавіцца»

13
«Гаварылі паміж сабой, што ад мяне трэба пазбавіцца»

Менчука забралі на пратэстах і без прытомнасці перадалі хуткай.

Падчас нядзельных акцый у Менску сведкі паведамілі валанцёрам, што ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі хуткая забрала чалавека без прытомнасці. Стала вядома імя - Ягор Камісараў.

У спісах затрыманых яго не было.

А потым высветлілася, што Ягор ужо дома. Ён распавёў «Нашай Ніве», як усё было.

Мужчына працуе аздабляльнікам.

«Мяне затрымлівалі на Лагойскім тракце, фактычна побач з маім домам. Я з жонкай вяртаўся з крамы, мяшок з прадуктамі несла яна. Чаму яна? Таму што я нядаўна перанёс аперацыю на сэрцы. Вось чаму (Ягор прадэманстраваў фота пасляаперацыйнага шнару на грудзях).

Тут мы ўбачылі, як людзі ў аліўкавым б'юць хлопца. Я спыніўся, кажу, што ж вы робіце? Вас шмат, а ён адзін, не біце яго. Пачуўшы, яны кінуліся на мяне, пачалі біць, завалаклі ў бус.

Я казаў, каб не білі, таму што ў мяне толькі што была аперацыя на сэрцы. Але як я зразумеў, гаварыць з імі бессэнсоўна. Шмат непрыемных слоў пачуў на свой адрас. Атрымаў шмат удараў па розных частках цела, уключаючы галаву.

Потым я з імі катаўся ў бусіку па розных раёнах горада, паўтараў пра хворае сэрца. Мне станавілася рэальна вельмі дрэнна, я страчваў прытомнасць на кароткі час і прыходзіў у сябе.

Тут яны паміж сабой ужо пачалі казаць, маўляў, «ад яго трэба пазбавіцца».

Ну і я зноў пачаў правальвацца кудысьці ў сябе, мы ў гэты час былі ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Прыйшоў у прытомнасць я ўжо ў машыне медыкаў, людзей у аліўкавым побач не было. Мяне адвезлі ў шпіталь у Курасоўшчыне.

Медыкі нават не задавалі пытанняў чаму я збіты, па-мойму, яны і так усё разумеюць.

Правялі абследаванне, высветлілася, што ў дадатак да візуальна бачнага збіцця яшчэ чэрапна-мазгавая траўма, але ад шпіталізацыі я адмовіўся», - распавёў Ягор.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках